Выведка Вялікай Брытаніі: жорсткія баі на ўсходзе Ўкраіны перамясьціліся з бахмуцкага на луганскі кірунак

Такім быў уезд у Сватава Луганскай вобласьці да пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. Архіўнае фота, 2018

У апэратыўным пляне Расея выстройвае абарону, бо пабойваецца, што Ўкраіна ў гэтым сэктары пачне маштабную наступальную апэрацыю.

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што расейскія войскі пачалі атакаваць на луганскім кірунку ў раёне Сватава і Крамянной з намерам аднавіць кантроль над Купянскам у Харкаўскай вобласьці, дзе знаходзіцца важны лягістычны матэрыяльна-тэхнічны вузел.

Сватава Луганскай вобласьці знаходзіцца за 60 кілямэтраў ад Купянску Харкаўскай вобласьці, а ад Купянску да мяжы зь Белгародзкай вобласьцю Расеі — 50 кілямэтраў.

Расейцы захапілі Купянск у Харкаўскай вобласьці ў першыя дні ўварваньня. Украіна вызваліла горад у верасьні 2022 году. З таго часу Расея абстрэльвае Купянск амаль кожны дзень

«З пачатку сакавіка 2023 году працягваюцца цяжкія баі на ўчастках лініі фронту Сватава—Крамянная на поўначы Луганскай вобласьці. Расея часткова аднавіла кантроль над непасрэднымі подступамі да горада Крэмянная, дзе ў пачатку году для яе была пагроза з боку ўкраінскіх войскаў», — адзначаюць брытанскія выведнікі.

Паводле іх, месцамі расейскія войскі прасунуліся на некалькі кілямэтраў і іхнае камандаваньне спрабуе пашырыць зону бясьпекі каля сваёй абарончай лініі і інтэграваць у яе натуральную перашкоду, якой зьяўляецца рака Аскол.

«Пэўна, яны імкнуцца вярнуць Купянск, матэрыяльна-тэхнічны вузел», — мяркуюць у брытанскай выведцы. У той жа час, брытанскія выведнікі адзначаюць, што ў апэратыўным пляне Расея выстройвае абарону, бо пабойваецца, што Ўкраіна ў гэтым сэктары пачне маштабную наступальную апэрацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскія сэнатары перад 10-й сустрэчай у фармаце «Рамштайн» заклікалі ўрад перадаць Украіне зьнішчальнікі F-16

Інстытут вывучэньня вайны: Расеі не хапае сіл для правядзеньня маштабнага наступу

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) адзначылі, што тэмп расейскіх апэрацыяў вакол Бахмуту запавольваецца, бо Расея перакідае свае падразьдзелы на іншыя кірункі.

«Цяпер расейскія войскі нарошчваюць тэмп наступальных дзеяньняў вакол Аўдзееўкі, каб яе атачыць, і ня выключана, што расейскія войскі робяць гэта за кошт дзеяньняў вакол Бахмута і спыненага наступу каля Вуглядару», — адзначаецца ў справаздачы ISW.

Экспэрты лічаць малаімаверным, што наступ Расеі можа падштурхнуць украінскія сілы пакінуць Бахмут і Аўдзееўку.

Аўдзееўка, Данецкая вобласьць. 10 сакавіка 2023 году

«Расейскія войскі могуць пачаць або ўзмацніць наступальныя апэрацыі на новых кірунках, але гэтыя апэрацыі, хутчэй за ўсё, не прынясуць адчувальных вынікаў, паколькі агульны вясновы расейскі наступ працягвае набліжацца да кульмінацыі», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту вывучэньня вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітайскі лідэр зноў ня стаў казаць пра падтрымку Расеі ў вайне з Украінай

Ва Ўкраіне абяцаюць наступ

Камандуючы сухапутных войскаў Украіны Аляксандар Сырскі, ацэньваючы баі на бахмуцкім кірунку, заявіў, што асноўныя расейскія сілы, а гэта падразьдзелы прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», «выдыхаюцца».

«Зусім хутка мы выкарыстаем гэтую нагоду, як у свой час рабілі гэта пад Кіевам, Харкавам, Балаклеяй і Купянскам», — заявіў Аляксандар Сырскі.

Камандуючы сухапутных войскаў Украіны Аляксандар Сырскі у Лімане Данецкай вобласьці, 4 кастрычніка 2022

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што за апошнія содні ўкраінскае войска адбіла 83 атакі расейцаў на ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і шахтарскім кірунках.

У Міністэрстве абароны Расеі пераконваюць, што ўкраінскія контратакі на ўсходнім кірунку былі «няўдалымі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Міжнародным крымінальным судзе заявілі, што Расея перашкаджае прыцягненьню Пуціна да адказнасьці

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.