Парлямэнт Швэцыі афіцыйна ўхваліў уступленьне краіны ў NATO

Парлямэнт Швэцыі 22 сакавіка ўхваліў законапраект, які дазваляе краіне далучыцца да NATO.

За дакумэнт прагаласавалі 269 дэпутатаў — як прадстаўнікі кіроўнай кааліцыі, так і апазыцыйныя сацыял-дэмакраты і правыя папулісты з партыі «Швэдзкія дэмакраты». Супраць былі 37 дэпутатаў ад дзьвюх апазыцыйных левых партый.

Вынік галасаваньня быў чаканы — Швэцыя пачала перамовы аб уступленьні ў NATO ў траўні 2022 году, пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, на аснове кансэнсусу найбуйнейшых палітычных сіл. Да цяперашняга моманту дамову аб уступленьні краіны ў Паўночнаатлянтычны саюз ратыфікавалі ўжо 28 краінаў NATO з 30. Чакаецца, што Вугоршчына зробіць гэта бліжэйшым часам, аднак згоды Турэччыны на ўступленьне Швэцыі ў NATO пакуль няма.

Галасаваньне швэдзкага парлямэнту фармальна пацьвярджае завяршэньне пэрыяду нэўтралітэту, які працягваўся больш за 200 гадоў, у тым ліку ў гады сусьветных войнаў і падчас Халоднай вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Фінляндыі ўхваліў уступленьне краіны ў NATO

Швэцыя мае намер уступіць у NATO разам з суседняй Фінляндыяй, якая таксама адмовілася ад традыцыйнага нэўтралітэту пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Парлямэнт Фінляндыі ўхваліў уступленьне краіны ў NATO 1 сакавіка.