У Менскай вобласьці з 20 сакавіка правяраюць узровень падрыхтоўкі тэрытарыяльнай абароны

Беларускія вайсковыя вучэньні ў 2022 годзе. Архіўнае фота

Для ўдзелу ў праверцы плянуецца прызваць каля 200 вайсковаабавязаных, а на базе аднаго з сельскіх саветаў адпрацуюць пытаньні фармаваньня і падрыхтоўкі атраду «народнага апалчэньня».

Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што з 20 сакавіка пад кіраўніцтвам начальніка Генэральнага штаба Ўзброеных сіл, першага намесьніка міністра абароны Віктара Гулевіча праводзіцца праверка ўзроўню падрыхтоўкі тэрытарыяльнай абароны Менскай вобласьці.

У часе праверкі таксама ацэняць дзейнасьць адказных асобаў абласнога і Барысаўскага раённага выканкама ў фармаваньні тэрытарыяльных войскаў і выкананьні навучальна-баявых задач.

Для ўдзелу ў праверцы плянуецца прызваць каля 200 вайсковаабавязаных, а на базе аднаго з сельскіх саветаў адпрацуюць пытаньні фармаваньня і падрыхтоўкі атраду «народнага апалчэньня».

Зь сярэдзіны 2022 году на тэрыторыі Беларусі пэрыядычна праводзяцца вучэньні тэрытарыяльных войскаў. Апошнія такія вучэньні адбыліся сёлета з 28 лютага па 3 сакавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пачаліся вучэньні ў фармаваньні тэрытарыяльных войскаў Беларусі

З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Нядаўна Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатова далучыцца да расейскай агрэсіі ва Ўкраіне ў выпадку вайсковага інцыдэнту на мяжы і ўварваньня ўкраінскіх салдатаў на беларускую тэрыторыю.

У лютым 2023 году ўрад Беларусі падрыхтаваў законапраект «Аб народным апалчэньні» — як заявіў Лукашэнка, гэта зроблена з улікам «нэгатыўнага ўкраінскага досьведу». У выпадку ваенных дзеяньняў, паводле Лукашэнкі, атрады народнага апалчэньня «могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзэрвам для тэрытарыяльнай абароны». У народнае апалчэньне могуць увайсьці 100-150 тысяч чалавек, паведаміў міністар абароны Віктар Хрэнін, пры гэтым ён ня выключыў, што добраахвотнікаў можа быць болей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіраўнік МУС патлумачыў, на якіх умовах «народным апалчэнцам» дадуць зброю