У Беларусі стварылі партыю ўлады «Белая Русь». У яе «вышэйшую палітычную раду» увайшлі міністры, прапагандысты, лекары і кіроўца аўтапарку

Пікет па зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку, на ім ёсьць прадстаўнікі «Белай Русі», лета 2020 году

Такое рашэньне прынялі 18 сакавіка на ўстаноўчым зьезьдзе партыі ў Менску.

Каля тысячы дэлегатаў з усёй Беларусі прыехалі сёньня на ўстаноўчы зьезд у Менск, піша БелТА.

Кіраўніком новай партыі абралі дзейнага старшыню аднайменнай грамадзкай арганізацыі Алега Раманава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такі Алег Раманаў, які замяніў Генадзя Давыдзьку на пасадзе кіраўніка «Белай Русі»

Новаствораная палітычная партыя абрала на ўстаноўчым зьездзе «вышэйшую палітычную раду». У яе ўвайшоў 71 чалавек, сярод іх міністры, прапагандысты, лекары і кіроўца аўтапарку.

Сябрамі кіруючага органа аказаліся бадай што самы вядомы беларускі прапагандыст з СТВ Рыгор Азаронак і гендырэктар праўладнага агенцтва «Мінск-Навіны» Андрэй Крывашэеў, а таксама — міністры сельскай гаспадаркі Ігар Брыло і антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Аляксей Багданаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кіраўніцтва партыі ўлады «Белая Русь» увайшлі прапагандысты Рыгор Азаронак і Андрэй Крывашэеў

Праект праграмы партыі «Белая Русь» апублікавалі 28 лютага і вынесьлі на грамадзкае абмеркаваньне. Стварыць партыю ініцыявала рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне «Белая Русь».

«Белая Русь» — гэта праўладны дзяржаўны рух, які падтрымлівае Лукашэнку. Грамадзкую арганізацыю з такой назвай у Беларусі стварылі ў 2007 годзе.

15 гадоў Лукашэнка быў супраць стварэньня «партыі ўлады».

«Чаму ж цяпер Лукашэнка даў згоду на стварэньне „партыі ўлады“? Што здарылася? А здарылася тое, што зьмяняецца прырода ўлады. Адбываецца эвалюцыя аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны», — патлумачыў зьмены палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка даў згоду на стварэньне «партыі ўлады». Дзеля чаго?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Лукашэнку партыя ўлады, а Пазьняку — Рада Бясьпекі