Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такі Алег Раманаў, які замяніў Генадзя Давыдзьку на пасадзе кіраўніка «Белай Русі»

абноўлена

Алег Раманаў
Алег Раманаў

На сёньняшнім IV зьезьдзе аб’яднаньня «Белая Русь» ў Менску адбылася замена кіраўніка арганізацыі.

Старшынём Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь» стаў рэктар Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Алег Раманаў. Ён замяніў на гэтай пасадзе Генадзя Давыдзьку, які ўзначальваў «Белую Русь» са студзеня 2018 году.

Пра ратацыю кіраўніцтва паведаміла прэсавая служба аб’яднаньня ў Тэлеграме.

Падчас выступленьня Раманаў прапанаваў закласьці ў праграму ідэі рэфэрэндуму.

«Гаворка пра абарону гістарычнай памяці і праўды, захаваньне каштоўнасьцяў беларускага народу, разьвіцьцё моцнай дзяржаўнай улады. Неабходна разумець, што працэсы, якія адбываюцца сёньня ў сьвеце, — моцны выклік для нашай дзяржавы, на якую неабходна адказаць. Гэты адказ — дакладнае вызначэньне таго факту, што грамадзкае аб’яднаньне „Белая Русь“ разьмяжоўвае сваю дзейнасьць на дружалюбныя краіны і краіны, якія праводзяць варожую і агрэсіўную палітыку», — сказаў Рамнаў паводле прэс-службы арганізацыі.

Ён таксама прапанаваў больш актыўна арганізоўваць інфармацыйныя пляцоўкі, узмацніць узаемадзеяньне з іншымі «канструктыўнымі грамадзкімі аб’яднаньнямі», актывізаваць работу грамадзкіх прыёмных.

У зьезьдзе бяруць удзел каля 500 дэлегатаў. Сярод іх — члены ўраду, грамадзкіх і палітычных рухаў, дэпутаты, прадстаўнікі дыпкорпусу, навукоўцы і запрошаныя ад расейскай партыі «Адзіная Расія». У праграме заяўлялася падвядзеньне вынікаў працы за 5 гадоў, прыняцьце новай рэдакцыі праграмы РГА і абраньне кіруючых органаў і новага старшыню.

1 красавіка «Белая Русь» і «Адзіная Расія» падпісалі пагадненьне аб узаемадзеяньні і супрацоўніцтве.

У красавіку 2021 году з Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту звольнілі доктара гістарычных навук, этнографа Ўладзімера Лобача. Навуковец адпрацаваў 27 гадоў на гісторыка-філялягічным факультэце — ад моманту яго стварэньня ў Полацку. Уладзімер Лобач адзін з падпісантаў калектыўнай заявы ў абарону бела-чырвона-белага сьцяга.

Загад аб звальненьні падпісаў новы тады рэктар Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Алег Раманаў. Ён быў прызначаны на пасаду менш за месяц да таго.

Алег Раманаў — доктар філязофскіх навук, прафэсар. Сфэра зацікаўленьняў — усходнеславянская цывілізацыя і расейская клясычная і сучасная філязофія.

Рэктарам Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ён стаў ў сакавіку 2021 году. Да таго часу працаваў першым прарэктарам Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы.

  • Паводле афіцыйнай даведкі на сайце ГрДУ імя Янкі Купалы, у 1997 годзе Алег Раманаў скончыў Горадзенскі ўнівэрсытэт.
  • У 2001 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю «Сацыялізацыя асобы ва ўмовах грамадзкай трансфармацыі».
  • У 2012 годзе скончыў дактарантуру Інстытута філязофіі НАН Беларусі і праз тры гады абараніў доктарскую дысэртацыю «Усходнеславянская цывілізацыя як суб’ект сучасных глябальных сацыяльных трансфармацый».
  • З 2000 году Алег Раманаў працаваў у Горадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Янкі Купалы на пасадах выкладчыка, старшага выкладчыка, дацэнта і прафэсара катэдры філязофіі. Зь лютага 2018 году стаў першым прарэктарам ГрДУ імя Янкі Купалы.
  • У 2017 годзе яму была назначана "стыпэндыя прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь як таленавітаму маладому навкоўцу.
  • Сфэра навуковых інтарэсаў — праблемы генезісу, уладкавання і перспектыў развіцця ўсходнеславянскай цывілізацыі, класічная і сучасная руская філасофія, лёс дзяржавы ў свеце, які глабалізуецца.
  • У 2019 годзе Раманаў быў абраны членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага скліканьня ад Горадзенскай вобласьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG