39-гадовая Мая Церакулава выхоўвае траіх дзяцей. У 9-гадовай дачкі Евы — аўтызм. Дзяўчынка патрабуе навучаньня ў спэцыялізаванай школе ці інтэграцыйнай клясе. Мая расказала Свабодзе, як шукала месца для адукацыі дачкі і як ёй дапамог мэр ( у Польшчы гэтая выбарная пасада называецца «прэзыдэнт». — РС) Беластоку Тадэвуш Трускаляскі.
«Дзіва ў тым, што я не знаёмая з прэзыдэнтам гораду, я не пісала яму, не хадзіла на прыём. Я ня ведаю, як ён даведаўся пра нашу праблему, але факт у тым, што ён умяшаўся», — кажа доктарка.
Яна больш за месяц хадзіла па розных школах Беластоку, шукала месца для навучаньня Евы. Усюды атрымала адмову, бо ані ў спэцыялізаваных школах, ані ў інтэграцыйных клясах не было вольных месцаў. Хадзіла лекарка, паводле яе словаў, і ў дэпартамэнт адукацыі.
«Хадзіла разам зь Евай, бо яе ж няма на каго пакінуць. Такая, ведаеце, жанчына з сумным выглядам, з вельмі дрэннай польскай мовай просіць, каб узялі дачку вучыцца. Але адзінае, чаго мы дабіліся, што Еву могуць узяць на вучобу толькі зь верасьня ў спэцыялізаваную школу. Бо па заканадаўстве ў такой клясе можа быць ня больш за пяць вучняў. І там ужо ёсьць пяць, толькі што ў верасьні іх пакіне хлопчык, і Еву абяцалі ўзяць на ягонае месца», -— расказала Мая.
Паштоўка, якую намалявала яе дачка Ева для падзякі прэзыдэнту Беластоку
Жанчына хадзіла ў тым ліку і ў школу «па месцы жыхарства». Там таксама не маглі ўзяць дзяўчынку з асаблівасьцямі разьвіцьця, бо ня маюць адмыслоўцаў і інтэграцыйнай клясы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацела заставацца ў Беларусі і лячыць сваіх пацыентаў». Гісторыя пэдыятаркі, якая трапіла ў «чорныя сьпісы» мэдыкаў«Я „азадачыла“ дырэктара школы, і ён недзе хадзіў разьбірацца. Па выніку мне патэлефанавалі з сакратарыяту спэцыялізаванай школы і паведамілі, што дырэктару школы пазваніў прэзыдэнт Беластоку і прасіў, каб Еву ўзялі вучыцца цяпер, шостай у клясу, пад ягоную пэрсанальную адказнасьць. Уявіце, гэта так міла і нечакана для нас! Прэзыдэнт гораду пагадзіўся ўзяць на сябе адказнасьць за 9-гадовую дзяўчынку», — кажа доктарка.
Такім чынам Ева з 14 сакавіка пачала наведваць спэцыялізаваную школу.
«Там маленькая школа, толькі восем клясаў. Яна адмысловая, для дзяцей з аўтызмам. Там усё неабходнае ёсьць, у тым ліку свой закрыты дворык, пакоі сэнсарнай інтэграцыі, прыязныя настаўнікі», — дадала Мая.
Яна разам з Евай намалявала для мэра Беластоку паштоўку з падзякай за ягоны клопат.
«Мы хочам паказаць, што мы сапраўды ўдзячныя яму. Цяпер я змагу пайсьці працаваць, пакуль Ева будзе вучыцца», — кажа Мая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта абмежаваньне права на адукацыю». Дзяцей з глыбокай разумовай адсталасьцю, якія жывуць у інтэрнатах, больш ня будуць вучыць