Беларусь заняла апошняе месца ў ЭАЭС у дынаміцы ВУП за 2022 год

Ілюстрацыйнае фота

Беларусь і Расея — дзьве краіны ў Эўразійскім эканамічным саюзе (ЭАЭС), у якіх летась зьнізіўся валавы ўнутраны прадукт.

У Беларусі ВУП скараціўся на 4,7%. Эканоміка Расеі — на 2,1%.

У іншых краінах ЭАЭС ВУП вырас: у Армэніі на 12,6%, Кіргізстане — на 7%, Казахстане — на 3,2%.

Пра гэта сьведчаць зьвесткі аддзелу галіновай і сацыяльна-дэмаграфічнай статыстыкі Эўразійскай эканамічнай камісіі (ЭЭК).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Каціцца на дно разам з Расеяй Менску ня хочацца, але куды падзецца? — эканаміст Крук

Галіны, якія трапілі «пад самыя жорсткія санкцыі», працягваюць адчуваць «пэўныя цяжкасьці», заявіў прэм'ер-міністар Раман Галоўчанка 11 сакавіка ў праграме «Пытаньне нумар адзін» на тэлеканале «Беларусь-1».

Паводле яго, «прамы блякавальны ўплыў» абмежавальныя меры аказваюць на 25% беларускай эканомікі, астатняе знаходзіцца «пад ускосным узьдзеяньнем санкцый».

Галоўчанка прызнаў, што ўлады «дапусьцілі прасяданьне ВУП», якое, аднак, паводле чыноўніка, было выклікана «варʼяцкім вонкавым ціскам на краіну, які ня мае аналягаў».

28 лістапада 2022 году Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў найважнейшыя парамэтры прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2023-і, згодна зь якімі прырост ВУП заплянаваны на ўзроўні 3,8%.

  • За апошнія некалькі гадоў дэмакратычныя краіны ўвялі супраць Беларусі мноства абмежавальных мераў, пераважна за парушэньні Менскам правоў чалавека. Санкцыі ўводзіліся за фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткае задушэньне пратэстаў, прымусовую пасадку самалёта Ryanair і наступны арышт апазыцыянэраў, якія ляцелі на ім, штучна створаны міграцыйны крызіс на мяжы з краінамі ЭЗ, дапамогу Расеі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Галоўчанка заявіў, што санкцыі аказваюць блякуючы ўплыў на 25% эканомікі Беларусі