Навучальная ўстанова «Русский дом» у Гомлі адправіць школьніка ў анэксаваны Крым
Дзіцячы лягер «Артэк», Украіна. Ілюстрацыйнае фота
Прадстаўніцтва РЦНК у Гомлі, вядомае як «Русский дом», правяло конкурс сярод мясцовых школьнікаў пад назвай «Жывая клясыка», у якім дзеці артыстычна чыталі ўрыўкі зь вядомых расейскіх літаратурных твораў. Пераможцу конкурсу адправяць у крымскі лягер «Артэк», піша мясцовае выданьне «Штодзень».
Як паведамляюць арганізатары, ад Гомля ў конкурсе прынялі ўдзел 24 дзіцяці. Удзельнікам падарылі дыплёмы і кніжкі. А вось пераможцу, вучня 4-й клясы гімназіі нумар 36 імя Івана Мележа Гомля, чакае пуцёўка ў крымскі летнік «Артэк». Згаданая навучальная ўстанова, як адзначае выданьне «Штодзень», зьяўляецца адзінай на ўвесь паўмільённы Гомель, у якой ёсьць беларускамоўныя клясы.
Расея анэксавала Крым у 2014 годзе. У верасьні 2022 году прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін аб'явіў аб анэксіі Херсонскай, Запароскай, Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны.
Кіеў і краіны Захаду загадзя абвясьцілі, што ні пры якіх абставінах не прызнаюць анэксію. Украіна заявіла, што будзе ўзброеным шляхам змагацца за вяртаньне акупаваных тэрыторый пад свой кантроль.
Беларусь юрыдычна пакуль так і не прызнала Крым расейскім.
Паводле ўкраінскага заканадаўства, нелегальнае наведваньне Крыму (праз РФ) перасьледуецца па законе. Парушальнікам забараняецца ўезд ва Ўкраіну на тэрмін да 3 гадоў.