«Цяпер мы амаль нічога не фіксуем. Мы фіксуем толькі падрыхтоўку расейскіх вайскоўцаў, мы фіксуем разгортваньне лягераў для вайскоўцаў, якія павінны прыбыць у будучыні, магчыма, таксама мабілізаваных... На дадзены момант на тэрыторыі Беларусі няма ўдарных груповак, якія маглі б нанесьці паўторны ўдар па Ўкраіне», — сказаў Сілкін.
Ён адзначыў, што ў параўнаньні зь лютым дынаміка на беларуска-ўкраінскай мяжы зьмянілася, бо зьмянілася колькасьць расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі.
«Цяпер на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца каля 4 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Практычна ўсе яны знаходзяцца там для аднаўленьня або падтрыманьня баяздольнасьці. Гэта значыць, большасьць зь іх — мабілізаваныя, якія дзякуючы дапамозе вопытных беларускіх інструктараў на палігонах вывучаюць ваенную справу і рыхтуюцца да адпраўкі на ўсход ці поўдзень Украіны», — сказаў Яўген Сілкін.
Украінскія ўлады і заходнія спэцслужбы ня бачаць прыкмет таго, што Беларусь цяпер рыхтуецца ўступіць у вайну, але не адкідаюць такой рызыкі.
Беларусь не зьяўляецца непасрэдным удзельнікам разьвязанай Расеяй вайны ва Ўкраіне, але аказвае Расеі матэрыяльна-тэхнічную падтрымку. Летась у лютым улады Беларусі дазволілі расейскім войскам увайсьці ва Ўкраіну празь беларускую тэрыторыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне ў Ровенскай вобласьці на мяжы зь Беларусьсю пачалі будаваць другую лінію супрацьтанкавых равоў