Галіны, якія трапілі «пад самыя жорсткія санкцыі», працягваюць адчуваць «пэўныя цяжкасьці», заявіў прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка 11 сакавіка ў праграме «Вопрос номер один» на тэлеканале «Беларусь 1».
Паводле яго слоў, «прамы блякуючы ўплыў» абмежавальныя меры аказваюць на 25% беларускай эканомікі, астатняе знаходзіцца «пад ускосным узьдзеяньнем санкцый».
«Нават ня цэлы год, а, напэўна, дзевяць-дзесяць месяцаў было адведзена на тое, каб мы разрулілі асноўныя пытаньні і не дазволілі спраўдзіцца тым прагнозам, якія давалі аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі зь вялікім штатам адмыслоўцаў, што могуць аналізаваць усё на сьвеце, — сказаў чыноўнік. — Гэтыя штаты адмыслоўцаў, як вы памятаеце, нам напрагназавалі: самае пэсымістычнае — 20% падзеньня [эканомікі], самае аптымістычнае — 8%. Дзякуй богу, мы спрацавалі лепш, чым самы аптымістычны [сцэнар]».
Кіраўнік ураду падкрэсьліў, што «80% заблякаванага экспарту» ўдалося пераарыентаваць на іншыя краіны.
Галоўчанка прызнаў, што ўлады «дапусьцілі прасяданьне ВУП», якое аднак, паводле слоў чыноўніка, было выклікана «вар’яцкім зьнешнім ціскам на краіну, які ня мае аналягаў».
«Але, зь іншага боку, атрымалі нядрэнныя фінансавыя вынікі, — заявіў ён. — Бо ў нас рэнтабэльнасьць продажаў па эканоміцы, здаецца, 8,9% — рэкорд за дзесяць гадоў. Так, дапамаглі высокія сусьветныя цэны. Але толькі дапамаглі, усё астатняе зрабілі самі нашы людзі і нашы прадпрыемствы. У нас гістарычна лепшае сальда зьнешняга гандлю, напэўна, гэта таксама нядрэнны вынік у гэтых умовах, ніхто такога не чакаў».
«У нас істотна падвысіўся апэрацыйны прыбытак у прадпрыемстваў. Прадпрыемствы змаглі выкарыстаць лішнія грошы для таго, каб пагасіць істотную частку сваёй запазычанасьці. Сумарная пазыковая нагрузка зьнізілася да 50%, гэта адзін з найлепшых паказьнікаў за ўсе гады», — дадаў прэм’ер.
Такім чынам, паводле слоў Галоўчанкі, «эканоміка ў цэлым спраўлялася з тымі выклікамі, якія ёй былі падкінутыя летась».
У 2022 годзе ВУП Беларусі зьнізіўся на 4,7%. На 2023-ы прырост гэтага паказьніка заплянаваны на ўзроўні 3,8%.
Паводле зьвестак Бестату, Амаль 4% беларусаў жывуць за рысай беднасьці, 40% усіх прыбыткаў ідзе на харчаваньне.
3,9% беларусаў маюць прыбытак, ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму — нормы, якую дзяржава лічыць дастатковай для мінімальных патрэб грамадзяніна на месяц. Цяпер гэты бюджэт складае 341 рубель на месяц. Гэта ў 5 разоў менш за сярэдні заробак. Людзей зь мінімальным даходам найбольш у Магілёўскай вобласьці — 5,9%, а найменш у Менску — 1,4%.
За апошнія некалькі гадоў дэмакратычныя краіны ўвялі ў дачыненьні да Беларусі мноства абмежавальных мераў — пераважна з прычыны парушэньня Мінскам правоў чалавека.
Санкцыі ўводзіліся за фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткае задушэньне распачатых пасьля іх пратэстаў, прымусовую пасадку самалёта Ryanair і наступны арышт апазыцыянэраў, якія ляцелі на ім, штучна створаны міграцыйны крызіс на мяжы з краінамі ЭЗ і дапамогу Расеі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.