Украінскі пасол: у Беларусі арыштавалі сем грамадзян Украіны нібыта за шпіянаж, доступу консулаў да іх няма

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім (архіўнае фота)

Ігар Кізім падкрэсьліў, што цяпер магчымасьці пасольства і консульства вельмі абмежаваныя, таму што «беларускі бок разглядае нас патэнцыйнымі ворагамі».

У інтэрвію LIGA. net. амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім пракамэнтаваў дывэрсію ў Мачулішчах, адзначыўшы, што спэцслужбы сёньня — гэта галоўны голас у беларускай палітыцы.

Ігар Кізім упэўнены, што падзеі вакол здарэньня ў Мачулішчах будуць разьвівацца так, як абяцаў Лукашэнка:

«Апазыцыя і партызаны існуюць. Гэта праўда. Калі Лукашэнка даў указаньне ўсіх шукаць і караць, значыць, так усё і будзе»,— адзначыў амбасадар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ патлумачыў, чаму па ўсёй Беларусі затрымлівалі стралкоў. Вядома пра 20 затрыманых пасьля дывэрсіі ў Мачулішчах

Амбасадар Кізім заявіў, што беларуская прапаганда звычайна падае раскрыцьцё падобных спраў як дасягненьне спэцслужбаў. Хоць фільмы, якія расказваюць аб дэталях такіх «спэцапэрацый», «нічога, акрамя сьмеху, не выклікаюць», лічыць Кізім:

«Яны павінны нешта рабіць, даказваць сваю карыснасьць. Усё пабудавана на тым, што спэцслужбы сёньня маюць асноўны голас у беларускай палітыцы», — кажа Ігар Кізім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне праз год пасьля вайны з Расеяй істотна вырасла колькасьць грамадзян, якія лічаць украінскую мову роднай

Ён шчыра прызнаецца, што сам «не ў захапленьні ад прафэсіяналізму беларускіх спэцслужбаў». І тут жа прыводзіць некалькі аргумэнтаў:

«Дазволю сабе крыху ў бок пайсьці. Ведаеце, дзіўная справа атрымліваецца. Расейскі самалёт быў пашкоджаны пры нападзе з тэрыторыі Беларусі. У Чыкаскай канвэнцыі вайсковыя паветраныя судны маюць прынцып экстэрытарыяльнасьці — фактычна гэты самалёт зьяўляецца тэрыторыяй Расеі, і з тэрыторыі Беларусі адбыўся напад на тэрыторыю Расеі.

Я карыстаюся тут лёгікай беларускага кіраўніцтва. І калі браць яе, то ніякага нападзеньня з тэрыторыі Ўкраіны не было. А калі б нават і было, то ў нас ёсьць поўнае права — мы ж бʼём па тэрыторыі Расеі», — адзначыў дыплямат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне праз год пасьля вайны з Расеяй істотна вырасла колькасьць грамадзян, якія лічаць украінскую мову роднай

Кізім не згадаў пра тое, ці мелі магчымасьць прадстаўнікі пасольства сустрэцца з падазраваным у падрыве расейскага выведвальнага самалёта А-50У Мікалаем Швяцом. Аднак расказаў, што на сёньняшні дзень у Беларусі сем грамадзян Украіны арыштаваныя за шпіянаж і доступу да іх няма:

«Сваякі і мы стараемся неяк да іх дабрацца, але калі ўзяўся КДБ, то не пускаюць нават консула і прызначаюць свайго адваката, які нічога не гаворыць», — адзначыў Кізім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пыталі, як далёка можа заляцець, ці купляў дадатковыя аксэсуары». Як пасьля інцыдэнту ў Мачулішчах правяраюць уладальнікаў дронаў

Лукашэнка 7 сакавіка расказаў пра затрыманьне «тэрарыста ўкраінскіх спэцслужбаў і ягоных памагатых», якія маюць дачыненьне да спробы дывэрсіі ў дачыненьні да самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах. Пазьней у гэты ж дзень дзяржаўная тэлевізія паказала кадры затрыманьня і допыту галоўнага падазраванага, грамадзяніна Ўкраіны Мікалая Швеца. Мужчына заявіў, што ён з дапамогай двух дронаў падарваў самалёт, працаваў разам з СБУ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская выведка заявіла пра магчымую правакацыю на мяжы зь Беларусьсю