Акцыя пратэсту ў Кіеве 8 сьнежня 2019 году супраць саступак Крамлю ў пытаньнях мовы і далучэньян да NATO. Ілюстрацыйнае фота
Частка грамадзян Украіны, якія лічаць украінскую мову роднай, у побыце размаўляюць па-расейску.
Праз год пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ва ўсіх яе рэгіёнах павялічылася колькасьць грамадзян, якія вызначылі сваю ўкраінамоўную ідэнтыфікацыю.
«Калі ў 2021 годзе частка насельніцтва, якая лічыла ўкраінскую мову роднай, складала 77 адсоткаў, то за год яна павялічылася да 87 адсоткаў. Пры гэтым украінская моўная ідэнтычнасьць пераважае ва ўсіх рэгіёнах Украіны», — паведаміў аналітык фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы» Тарас Тарасюк на прэсавай канфэрэнцыі 10 сакавіка ў Кіеве.
Паводле яго, павялічылася і колькасьць грамадзян, якія размаўляюць па-ўкраінску ў паўсядзённым жыцьці — з 64% у 2021 годзе да 71% у 2022-м.
«Актуальным застаецца пытаньне суадносінаў паміж моўнай ідэнтычнасьцю і моўнай практыкай. Частка грамадзян Украіны, якія лічаць украінскую мову роднай, у побыце размаўляюць па-расейску. У прыватнасьці, гэта найбольш распаўсюджана на поўдні і ўсходзе краіны, дзе амаль 40% украінцаў, якія лічаць роднай украінскую мову, дома пераважна размаўляюць па-расейску», — удакладніў аналітык.
Згодна з вынікамі дасьледаваньня, у грамадзкай думцы захоўваецца тэндэнцыя аб выключэньні расейскіх аўтараў з навучальных праграм.
«Троху больш за траціну ўкраінцаў (38%) мяркуюць, што расейскіх аўтараў увогуле ня варта вывучаць ва ўкраінскіх школах. Найбольш такая думка распаўсюджана на захадзе, а найменш прыхільнікаў поўнай адмовы ад расейскага „кантэнту“ у школьных праграмах на поўдні. Прыхільнікаў таго, каб працягваць вывучаць творчасьць расейскіх аўтараў, як раней, засталося толькі каля 7% грамадзян», — удакладніў Тарас Тарасюк.
У апытаньні, праведзеным у сьнежні 2022 году супольна фондам «Дэмакратычныя ініцыятывы» і сацыялягічнай службай Цэнтру Разумкова ўзялі ўдзел 2018 рэспандэнтаў ва ўзросьце ад 18 гадоў ва ўсіх рэгіёнах Украіны, за выключэньнем часова акупаваных. Паводле дасьледчыкаў, тэарэтычныя адхіленьні выбаркі не перавышаюць 2,3%.