Грамадзянін Беларусі Максім Зязюльчык зь вялікай імавернасьцю ўвайшоў у пералік 90 расейскіх вайскоўцаў, якія знаходзіліся ў палоне ва Ўкраіне і якіх перадалі 7 сакавіка Расеі ў абмен на 130 украінскіх вайскоўцаў.
Як сьведчыць відэазапіс, распаўсюджаны Міністэрствам абароны Расеі, абмен адбываўся на мяжы Ўкраіны зь Белгародзкай вобласьцю. Максім Зязюльчык знаходзіўся ў аўтобусе разам зь іншымі расейцамі.
На тэрыторыі Расеі ўсім былым палонным перадалі пакеты з рэчамі, а адзін з вайскоўцаў сказаў, што ім павінны даць яшчэ і тэлефоны, каб яны маглі зьвязацца са сваякамі.
Расейскія вайскоўцы, якія вярталіся з украінскага палону, таксама маглі ўзяць гумавыя боты, якія стаялі на пляцоўцы перад стэлай з надпісам «Белгародзкая вобласьць».
Вайскоўцам, якіх Украіна 7 сакавіка перадала Расеі ў абмен на сваіх палонных, па вяртаньні на расейскую тэрыторыю прапанавалі гумавыя боты.
6 сакавіка стала вядома, што Ўкраіна ўключыла ў сьпісы для перадачы Расеі ў межах абмену палоннымі грамадзяніна Беларусі Максіма Зязюльчыка, якога 18 студзеня ў Кіеве асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі за ўдзел у якасьці найміта ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне. Для гэтага ўкраінскі суд ухваліў рашэньне аб вызваленьні беларуса ад адбываньня пакараньня ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украіна ўключыла беларуса Зязюльчыка, асуджанага на 10 гадоў турмы, у сьпіс для абмену палонныміМаксім Зязюльчык асабіста падпісаў заяву, у якой пагадзіўся, што яго перададуць у Расею ў абмен на палоннага вайскоўца, грамадзяніна Ўкраіны.
Перад абменам яго перадалі Каардынацыйнаму штабу Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі.
Праз некалькі дзён пасьля публікацыі да Свабоды зьвярнулася жанчына, якая прадставілася сваячніцай Максіма Зязюльчыка. Яна пераконвала, што беларуса не было ў сьпісах абмену. Аднак яна адмовілася ад размовы для публікацыі.
Хто такі Зязюльчык
Максім Зязюльчык нарадзіўся ў Рудзенску Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці. Служыў у падразьдзеле «Вэтэраны» кулямётнікам-рэтрансьлятарам з 21 ліпеня 2022 году. Да 25 жніўня ён знаходзіўся на пазыцыях сілаў Расеі ў акупаваным горадзе Ізюме Харкаўскай вобласьці.
Батальён «Вэтэраны» — падразьдзел прыватнай вайсковай кампаніі «Рэдут», якая спачатку ня ўдзельнічала ў баявых дзеяньнях, а выконвала функцыю аховы аб’ектаў.
Максім Зязюльчык удзельнічаў у баях каля Краснапольля ў Данецкай вобласьці. У час баёў за пазыцыі ў лесапаласе Дубы 30 ліпеня ён быў паранены і да 25 жніўня лячыўся на базе сталай дысьлякацыі «Рэдуту» ў Ізюме Харкаўскай вобласьці.
Грамадзянін Беларусі Максім Зязюльчык у верасьні 2022 году трапіў ва ўкраінскі палон пры вызваленьні ад расейскіх акупантаў Ліманскага раёну Данецкай вобласьці
25 жніўня ў складзе батальёну «Вэтэраны» яго перакінулі на пазыцыі каля Сватава ў Луганскай вобласьці, дзе ішлі найбольш жорсткія баі. Пазьней расейцы перакінулі гэты падразьдзел у Ліманскі раён Данецкай вобласьці.
Урэшце 19 верасьня Максім Зязюльчык трапіў у палон да ўкраінскіх вайскоўцаў. 18 студзеня 2023 году суд асудзіў яго на 10 гадоў пазбаўленьня волі — максымальны тэрмін, прадугледжаны паводле выстаўленых яму абвінавачаньняў ва ўдзеле ў якасьці найміта ў збройным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяньнях (ч. 4 артыкулу 447 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны).
Пасьля судовага выраку СБУ паведаміла, што Максім Зязюльчык быў агентам КДБ Беларусі — нібыта ў сьнежні 2020 году ён паступіў на службу ў 2-гі антытэрарыстычны аддзел КДБ на пасаду «выведніка».
Паводле легенды, ён меўся дзейнічаць пад выглядам замежнага найміта, каб сабраць інфармацыю пра ўзоры замежнага ўзбраеньня, якія атрымліваюць падразьдзелы Ўзброеных сіл Украіны ад заходніх партнэраў, а таксама «выведаць пляны магчымага ўдзелу расейскіх прыватных кампаній у спробах адхіліць ад улады дзейнага рэжыму самаабвешчанага прэзыдэнта Лукашэнкі». Сабраную выведную інфармацыю ён павінен быў перадаваць у Менск праз сувязнога.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Быў паранены, ваяваў на Данеччыне, Луганшчыне і Харкаўшчыне. Новае пра беларуса, які трапіў ва ўкраінскі палонКіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.