«Хоць бы была магілка, куды можна было прыходзіць да яго». Маці расказала пра забітага расейцамі ўраджэнца Беларусі Яўгена Логінава

Днямі стала вядома, што ва Ўкраіне яшчэ 5 траўня загінуў ураджэнец Беларусі Яўген Логінаў. Ён быў абаронцам Марыюпалю і загінуў у баі з расейскімі дэсантнікамі. Свабода пагутарыла зь ягонай маці Ірынай.

«Зь дзяцінства марыў пра вайсковую кар’еру, гуляў у салдацікі»

Пра сьмерць пабраціма днямі паведаміў украінец Руслан «Давід» у сваім інстаграме.

Ён напісаў, што ўраджэнец Беларусі Яўген Логінаў з пазыўным «Мальдэр» «ніколі не баяўся ворага і заўжды быў першым добраахвотнікам на любыя небясьпечныя заданьні».

Яўген Логінаў

«Ён заўсёды рваўся ў бой і заўсёды выходзіў сухім з жорсткіх агнявых кантактаў і паядынкаў», — расказаў пра пабраціма Руслан «Давід». 5 траўня на «Азоўсталь» прарвалася група расейскіх вайскоўцаў. «Мальдэр адкрыў агонь, перастрэльваўся з нападнікамі, але варожая куля пацэліла яму ў сонную артэрыю», — зазначыў «Давід».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Стала вядома імя яшчэ аднаго загінулага беларуса, які ваяваў на баку Ўкраіны

Свабода пагутарыла з маці Яўгена. Ён сапраўды нарадзіўся ў Берасьці і быў у бацькоў адзіным сынам. Калі хлопчыку быў адзін год, сям’я пераехала ва ўкраінскі Мікалаеў. Ірына кажа, што там жылі сваякі мужа. Сам муж быў родам з Расеі. Яна зь Беларусі. З 1995 году Логінавы жылі ў Мікалаеве. Яўген тут хадзіў у садок, школу, скончыў мараходную школу і караблебудаўнічы інстытут.

«Мы думалі, што ён будзе рабіць „марскую“ кар’еру, але ён вырашыў стаць вайскоўцам. Яшчэ ў дзяцінстве ён больш гуляў не з машынкамі, а салдацікамі. Гуляў зь імі ў вайну і любіў вайсковую справу», — успамінае маці.

Яўген Логінаў ( у цэнтрыз мэдалём)

Яўгена, паводле яе слоў, ня ўзялі ў войска, хоць ён вельмі хацеў. Прычынай была плоскаступнёвасьць трэцяй ступені. Але хлопец «вырашыў» гэтую праблему — падклаў на камісіі іншы здымак ног, ягонага сябра. Так ён трапіў добраахвотнікам у Нацыянальную гвардыю. Гэта быў 2018 год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«За дзьве гадзіны да сьмерці Эдуард перастраляў расейскі дэсант». Сябры і пабрацімы пра загінулага добраахвотніка Лобава

«Яму падабаўся полк «Азоў»

Служыць Яўгена Логінава накіравалі ў Марыюпаль, там ён у складзе Нацыянальнай гвардыі патруляваў вуліцы. Маці кажа, што Яўгену было «трохі нудна».

«Ён не курыў, ня піў, быў вельмі спакойны, ураўнаважаны, адгукаўся на любую просьбу аб дапамозе. Яшчэ ў школьныя гады Яўген быў скаўтам, езьдзіў у розныя лягеры ў Крым — украінскі Крым», — дадала Ірына.

Неяк хлопцаў з Нацыянальнай гвардыі вазілі ў полк «Азоў». Яўгену там спадабалася, ён прайшоў курс маладога байца, здаў нарматывы, і зь ім заключылі кантракт. У 2019 годзе браў удзел у баявых дзеяньнях пад Данецкам.

Яўген Логінаў з маці

«Ён шмат трэнаваўся, быў спартыўным, моцным. На „выдатна“ здаваў усе нарматывы. Яму „Азоў“ вельмі падабаўся, бо там былі сапраўдныя патрыёты, прафэсіяналы. Яго заўважылі і прызначылі камандзірам аддзяленьня. Затым адправілі на вучобу пад Львоў. Там ён са сваімі хлопцамі і сустрэў 24 лютага 2022 году. Яны адразу ж паехалі ў Марыюпаль, на дапамогу сваім пабрацімам. Хаця маглі застацца там і яшчэ месяц вучыцца», — кажа маці загінулага.

Яна дадала, што Яўген удзельнічаў у вулічных баях, затым байцы мусілі адступіць і сабраліся на «Азоўсталі».

«Мы сазвоньваліся. Ён заўсёды быў спакойным. Прасіў, што калі будуць бамбіць Мікалаеў, каб мы выяжджалі. Але мы засталіся, бо вырашылі дачакацца яго. Калі не было сувязі, то нам нічога не заставалася, як маліцца. 27 красавіка быў апошні званок ад яго. Ён быў спакойным. Каб я ня ведала, у якім пекле цяпер знаходзіцца, то не паверыла б. Сын казаў, што „мы трымаемся, выходзім, працуем“ — гэта значыць, што выходзілі і змагаліся з расейцамі», — кажа Ірына.

Маці Яўгена Логінава Ірына

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Нашы ворагі — Расейская Фэдэрацыя і сатэліт Расеі Лукашэнка». Размова з намесьнікам камандзіра палка імя Каліноўскага Кабанчуком.ВІДЭА

«Цяпер мы дакладна нават ня ведаем, дзе ягонае цела, як нам яго пахаваць»

Маці прыгадвае, што сын сказаў:

«Мы не здадзімся, бо тады нас Расея зьнішчыць». «Ён меў на ўвазе, што Расея, ведаеце, як ставілася да палку „Азоў“. А гэта былі людзі, прафэсійныя вайскоўцы, загартаваныя, якія ўмелі ваяваць. І вось пятага траўня да іх прарваўся расейскі дэсант», — кажа Ірына.

Дагэтуль бацькі не атрымалі цела сына — Марыюпаль пад расейскай акупацыяй. «Там загінула шмат людзей — і вайскоўцаў, і цывільных. Некаторых аддалі на абмен, іншых, наколькі я ведаю, расейцы там проста закапалі. Мы здалі ДНК і чакаем — можа, будзе супадзеньне. Забяром сына, пахаваем, каб хоць была магілка, куды зможам прыйсьці да яго», — кажа маці.

Яўген Логінаў

Яна дадае, што, нягледзячы на цяжкасьці са сьвятлом, вадой і ацяпленьнем, яны не выяжджалі зь Мікалаева. «Мы вырашылі застацца. Патрываць, ведаючы, што нашаму сыну ў Марыюпалі значна цяжэй і горш. Адзіны сын... Ён быў такі добры. Яўген быў для нас проста падарункам ад Бога», — дадала Ірына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Волат», «Брэст», «Тур» і іншыя. Беларусы, якія загінулі ва Ўкраіне

Яна і муж не размаўляюць са сваякамі з Расеі з прычыны розных поглядаў на вайну.

«Тое, што робіць Расея, — гэта жах, гэта страшна. Гэта бесчалавечна. Як нармальны чалавек можа падтрымліваць вайну? Адно гэтае слова ў нармальных людзей выклікае жах. У нас да 24 лютага былі людзі, якія былі на баку Расеі. Але потым усе сталі за Ўкраіну. Нават старыя людзі, усе», — дадала Ірына.

Яўген Логінаў