Ва Ўкраіне пачалі кампанію за ўганараваньне палоннага ўкраінца, імаверна, расстралянага расейцамі

Ілюстрацыйнае фота

Зьявіліся зьвесткі, што нібыта забітага байца апазналі, але яго сваякі просяць цішыні.

Ва Ўкраіне ў сацыяльных сетках пачалі акцыю за ўганараваньне ўкраінскага палоннага вайскоўца, якога, як мяркуецца, расстралялі з аўтамата расейцы.

6 сакавіка відэазапіс апублікаваў шэраг расейскіх тэлеграм-каналаў. На ім відаць, як бяззбройнага ўкраінскага вайскоўца расстралялі пасьля таго, як ён выгукнуў «Слава Ўкраіне!». У яго выпусьцілі аўтаматную чаргу, суправаджаючы гэта абразьлівымі словамі.

Ва Ўкраіне зьявіліся зьвесткі, што ўжо ідэнтыфікавалі забітага, але сваякі просяць цішыні.

«Шэсьць прадстаўнікоў сям’і ўпэўнены, што гэта іхны брат і сын. Я ўжо была ў дарозе да іх, але сястра сказала: „Маме вельмі кепска, просім цішыні“. Паважаю іхнае права. І таксама дапамагаю прэс-афіцэрам і камандзірам знайсьці яго. Бо, на мой погляд, менавіта цяпер гэта права спэцслужбаў і Ўзброеных сіл высьветліць праўду і сказаць тое, што можна. Наступнае выпрабаваньне — знайсьці лякацыю і цела», — паведаміла журналістка выданьня «Українська правда» Сафія Кочмар-Цімашэнка.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба выступіў з заявай, у якой патрабаваў ад Міжнароднага крымінальнага суду тэрмінова пачаць расьсьледаваньне імавернага ваеннага злачынства.

«Жахлівы відэазапіс бяззбройнага ўкраінскага вайсковапалоннага, пакаранага расейскімі войскамі толькі за тое, што ён сказаў „Слава Ўкраіне“. Яшчэ адзін доказ таго, што гэтая вайна зьяўляецца генацыдам», — напісаў Дзьмітро Кулеба на сваёй старонцы ў Twitter.

Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец накіраваў відэазапіс расстрэлу ўкраінца міжнародным партнэрам і калегам.

«Расстрэл украінскага вайскоўца, які трапіў у палон, — гэта парушэньне Жэнэўскіх канвэнцый. Гэта праява нізасьці і подласьці. Мэта Ўкраіны, як і ўсяго дэмакратычнага сьвету, прыцягнуць Расею да адказнасьці», — заявіў Дзьмітро Лубінец.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паабяцаў знайсьці забойцаў украінскага жаўнера.

«Зьявілася відэа, на якім відаць, як акупанты па-зьверску забілі салдата, які мужна сказаў ім у твар: „Слава Ўкраіне!“. Я хачу, каб мы ўсе разам, у адзінстве адказалі на яго словы: „Герою слава! Героям слава! Слава Ўкраіне!“ І мы знойдзем забойцаў», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Больш пра асобу ўкраінскага вайскоўца, абставіны яго палону і тое, дзе менавіта зьнялі відэа, пакуль невядома.

Згодна з Жэнэўскай канвэнцыяй аб абыходжаньні з ваеннапалоннымі, падпісанай, у прыватнасьці, Расеяй, палонным павінны быць гарантаваны жыцьцё і гуманныя ўмовы ўтрыманьня. Пакараньне сьмерцю або жорсткае абыходжаньне з ваеннапалоннымі адносіцца да ваенных злачынстваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мы знойдзем забойцаў». Зяленскі пракамэнтаваў імаверны расстрэл байца УСУ за вокліч «Слава Ўкраіне!»

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.