Reuters: Расея не плянуе рамантаваць «Паўночныя патокі»

Уцечка газу з «Паўночнага патоку – 2», 27 верасьня 2022 году

Расея мае намер закансэрваваць пашкоджаныя ніткі газаправодаў «Паўночны паток — 1» і «Паўночны паток — 2», плянаў па рамонце або аднаўленьню іх працы няма, паведамляеReuters са спасылкай на дасьведчаныя крыніцы.

Адна крыніца сказала агенцтву, што Масква лічыць праект «пахаваным». Два іншыя заявілі, што газаправоды будуць закансэрваваныя для магчымага аднаўленьня працы ў будучыні — зараз Крэмль ня бачыць пэрспэктыў паляпшэньня адносінаў з Захадам. Яшчэ адна крыніца пацьвердзіла, што бакі разглядаюць магчымасьць кансэрвацыі.

«Газпром» і кіруючая газаправодамі Nord Stream AG не адказалі на просьбы Reuters аб камэнтары. Нямецкая кампанія E.ON — мінарытарны акцыянэр Nord Stream AG — сказала, што, «наколькі ёй вядома», ніякага рашэньня ні за, ні супраць аднаўленьня газаправодаў не прынята.

Кансэрвацыя, мяркуе Reuters, будзе азначаць гермэтызацыю месцаў разрыву і пакрыцьцё трубаў антыкаразійным матэрыялам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перад уцечкамі з «Паўночных патокаў» там прайшлі два судны з адключанымі перадатчыкамі дадзеных
  • У канцы верасьня 2022 году былі пашкоджаныя тры з чатырох нітак газаправодаў «Паўночны паток — 1» і «Паўночны паток — 2», непашкоджанай засталася адна з труб «Паўночнага патоку — 2». Гэты газаправод ня быў запушчаны ў эксплуатацыю: у сувязі з уварваньнем Расеі ва Ўкраіну на яго накладзеныя санкцыі.
  • «Паўночны паток — 1» быў асноўнай магістральлю паставак расейскага газу ў Нямеччыну, адкуль ён разьмяркоўваўся далей па краінах Эўразьвязу.
  • Расьсьледаваньні Швэцыі, Даніі і Нямеччыны паказалі, што газаправоды былі ўзарваныя, аднак вінаватыя яшчэ ўстанаўліваюцца. Улады ЗША, Вялікай Брытаніі і Эўразьвязу заявілі пра мэтанакіраваную дывэрсію на газаправодах. Расейскія ўлады лічаць, што ў аварыі зацікаўленыя ЗША і іх саюзьнікі.
  • Эўропа рэзка скараціла імпарт энэрганосьбітаў з Расеі пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. У 2022 годзе «Газпром» экспартаваў каля 101 мільярда кубамэтраў газу на рынкі «далёкага замежжа» — на 46% менш, чым у 2021 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Nord Stream апублікаваў вынікі агляду «Паўночных патокаў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Служба бясьпекі Швэцыі: газаправоды «Паўночнага патоку» былі разбураныя ў выніку дывэрсіі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом пракамэнтаваў чуткі, што ВМС ЗША датычныя да падрыву «Паўночнага патоку — 2»