Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Nord Stream апублікаваў вынікі агляду «Паўночных патокаў»


Месца пашкоджаньня трубы на «Паўночным патоку»
Месца пашкоджаньня трубы на «Паўночным патоку»

Кампанія Nord Stream AG, якая кіруе газаправодамі «Паўночны паток» і «Паўночны паток-2» з Расеі ў Нямеччыну, у сераду апублікавала вынікі свайго расьсьледаваньня аварыі на гэтых газаправодах.

Як сказана ў дакладзе, на дне Балтыйскага мора знойдзены дзьве выбуховыя варонкі глыбінёй ад трох да пяці мэтраў, якія знаходзяцца ў 248 мэтрах адна ад адной. Трубы газаправода паміж кратэрамі моцна пашкоджаныя, іх абломкі раскіданыя па дне ў радыюсе 250 мэтраў. Акваторыя, у якой адбыліся меркаваныя выбухі, належыць да эканамічнай зоны Швэцыі.

Расьсьледаваньне было ініцыявана расейскім бокам: 51% акцый Nord Stream належаць «Газпрому» — уладальніку абодвух «Паўночных патокаў». Асобныя расьсьледаваньні інцыдэнту таксама вядуць улады Швэцыі, Даніі і Нямеччыны, праз чые тэрытарыяльныя воды пралягаюць газаправоды. Аб сумесным расьсьледаваньні краіны дамовіцца не змаглі, таксама краіны ЭЗ адмовіліся прыцягнуць да расьсьледаваньня Расею.

Абедзьве трубы «Паўночнага патоку» і адна з труб «Паўночнага патоку-2» аказаліся выведзеныя са строю ў канцы верасьня. Маніторынгавыя службы бліжэйшых краін зафіксавалі сэйсьмічную актыўнасьць у раёне аварыі, што дае магчымасьць меркаваць аб выбухах. «Паўночны паток» быў адной з асноўных ліній паставак расейскага газу ў Нямеччыну, адкуль ён разьмяркоўваўся далей па краінах Эўразьвязу. «Паўночны паток — 2» быў пабудаваны таксама для экспарту расейскага прыроднага газу ў Эўропу, але з прычыны нападу Расеі на Ўкраіну і санкцый ЭЗ, якія рушылі за ім, ня быў уведзены ў эксплюатацыю.

На момант аварыі пастаўкі газу ў Эўропу па «Паўночным патоку» таксама былі спыненыя «Газпромам», кіраўніцтва спасылалася на тэхнічныя прычыны.

  • Расейскія ўлады лічаць, што ў аварыі зацікаўленыя ЗША і іх саюзьнікі. МЗС Расеі паведаміла, што Масква не прызнае вынікаў расьсьледаваньня эўрапейскіх краін, калі ў ім ня будуць удзельнічаць расейскія спэцыялісты. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін назваў здарэньне тэрактам і заявіў, што за ім стаіць «дывэрсія англасаксаў».
  • Эўрапейскія краіны таксама лічаць аварыю вынікам дывэрсіі. Аднак, па дадзеных Wall Street Journal, многія асобы, якія маюць дачыненьне да расьсьледаваньня, падазраюць, што за меркаванай дывэрсіяй можа стаяць сама Расея. Яны лічаць, што, пакінуўшы непашкоджанай адну нітку «Паўночнага патоку — 2», Масква хоча прымусіць улады Нямеччыны сэртыфікаваць працу газаправоду. Пры гэтым пасьля выбухаў тая апошняя нітка таксама магла аказацца непрыдатная для эксплуатацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG