Суд ва Ўкраіне асудзіў на 12 гадоў расейскага лётчыка, які бамбаваў тэлевежу ў Харкаве

Харкаў пасьля авіяўдару. Сакавік 2023.

Суд ва Ўкраіне прыгаварыў да 12 гадоў пазбаўленьня волі расейскага лётчыка Аляксея Лабаду па абвінавачаньні ў парушэньні законаў і звычаяў вайны.

Пра гэта паведамляе офіс генэральнага пракурора Ўкраіны.

Па вэрсіі сьледзтва, у сакавіку 2022 году пілёт расейскага самалёта Су-34 атрымаў загад аб зьнішчэньні цывільных аб’ектаў на тэрыторыі Харкава і Харкаўскай вобласьці. Яго мэтай была радыётэлевізійная станцыя ў Харкаве.

«Асуджаны, разумеючы супрацьпраўнасьць баявога загаду, не адмовіўся ад яго выкананьня і ажыцьцявіў бамбаваньне тэлевежы ў Харкаве васьмю авіяцыйнымі бомбамі ФАБ-500 агульным тратылавым эквівалентам 2 тоны 400 кг», — гаворыцца ў паведамленьні.

У выніку бамбаваньня тэлевізійная вежа атрымала пашкоджаньні, якія зрабілі немагчымай яе далейшую бясьпечную эксплюатацыю. Адзначаецца, што тэлевежа і абсталяваньне, разьмешчанае на ёй, — цывільны абʼект, яны не выкарыстоўваюцца ў ваенных мэтах.

У той жа дзень украінскія вайскоўцы зьбілі самалёт. Паветранае судна было зьнішчана, а пілёту ўдалося катапультавацца. Пасьля прызямленьня яго затрымалі.

Паводле зьвестак нагляднага органа, Лабада — намесьнік камандзіра вайсковай часьці 6-й арміі Вайскова-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны Заходняй вайсковай акругі Ўзброеных сіл Расеі. Суд таксама задаволіў грамадзянскія пазовы трох пацярпелых арганізацый на агульную суму больш як 1, 1 млн грыўняў (каля 30 тысяч даляраў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне ідэнтыфікавалі паўсотні расейскіх артылерыстаў, якія абстрэльвалі Харкаў