Польшча аб’явіла тэрміны перадачы Ўкраіне 14 танкаў Leopard 2 і абмяркуе гэта з саюзьнікамі па NATO

Танк Leopard 2

22 лютага ў справе могуць зьявіцца ўдакладненьні, бо прэзыдэнт Джо Байдэн сустрэнецца ў Варшаве зь лідэрамі краін «усходняга флянгу» NATO.

Польшча перадасьць Украіне 14 танкаў Leopard 2 цягам «наступных двух-трох тыдняў» пасьля завяршэньня навучаньня ўкраінскіх вайскоўцаў на гэтых машынах, піша CNN.

Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў краіны Лукаш Ясіна заявіў, што яго краіна падтрымлівае і адпраўку зьнішчальнікаў ва Ўкраіну, аднак павінен быць дасягнуты кансэнсус паміж краінамі NATO.

«Гэтак жа, як гэта было з танкамі, мы спадзяёмся, што гэтая кааліцыя будзе дастаткова вялікай, каб усё больш падтрымліваць украінцаў. Рэактыўныя самалёты вельмі карысныя ва ўкраінскай вайне. Але мы зьяўляемся сябрам NATO і хочам дасягнуць згоды ва ўсіх такіх пытаньнях, каб удзельнічаць у гэтым разам, таму што альянс мацнейшы, калі мы разам», — сказаў Ясіна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 8 краін перададуць Украіне танкі Leopard. Агулам вайсковую дапамогу Кіеву даюць 50 дзяржаў

Украінскія афіцыйныя асобы ўзмацнілі жорсткасьць патрабаваньняў да заходніх саюзьнікаў у дачыненьні цяжкога ўзбраеньня. Яно неабходнае, па словах афіцыйнага Кіева, каб адкінуць сілы Расеі. Сярод галоўных патрэбаў Узброеных сіл Украіны называюць вайсковыя самалёты і ракеты большай далёкасьці.

У прыватнасьці, падчас візыту ў Парыж прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў лідэраў Францыі і Нямеччыны «як мага хутчэй» перадаць Кіеву зьнішчальнікі. Аб перадачы баявых самалётаў афіцыйна не заявіла ніводная краіна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Большасьць амэрыканцаў па-ранейшаму падтрымліваюць дапамогу Ўкраіне ў вайне супраць агрэсіі Расеі

Другі дзень візыту Байдэна ў Польшчу

Тым часам прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн 22 лютага правядзе ў Варшаве сустрэчу зь лідэрамі «Бухарэсцкай дзявяткі», у якую ўваходзяць 9 краін ўсходняга флянгу NATO. Як піша агенцтва Reuters, Байдэн на сустрэчы запэўніць краіны Ўсходняй Эўропы ў вернасьці ЗША саюзьніцкім абавязаньням і абмяркуе зь імі дапамогу Ўкраіне. Большасьць краін «Бухарэсцкай дзявяткі» выступае за нарошчваньне дапамогі ўкраінскім вайскоўцам.

У «Бухарэсцкую дзявятку» ўваходзяць дзяржавы, якія доўга былі ў складзе ці пад моцным уплывам Савецкага Саюзу, а пасьля яго развалу ўступілі ў NATO. Гэта Баўгарыя, Румынія, Вугоршчына, Славаччына, Чэхія, Польшча, Літва, Латвія і Эстонія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: NATO павінна сплянаваць стратэгію бясьпекі ў рэгіёне ў выпадку паглынаньня Расеяй Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кангрэсмэн Маккол: ЗША схіляюцца да адпраўкі ва Ўкраіну ракет большай далёкасьці і зьнішчальнікаў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпра, Кіева, Харкава, Адэсы і іншых месцаў. Дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя процілегламу боку тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ карпарацыі «Роснефть» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародзкай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
  • Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апублікаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
  • 1 чэрвеня на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • Улетку 2025 году прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі на асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася.
  • У ноч на 7 верасьня расейскія войскі нанесьлі рэкордны ўдар па Ўкраіне — дзяржаву атакавалі 805 «Шахедаў» і дронаў-імітатараў. Загарэўся будынак ураду ў Кіеве.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.