Зяленскі: уступленьне Беларусі ў вайну будзе для яе велізарнай памылкай

Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі спадзяецца, што Беларусь ня будзе ўдзельнічаць у вайне ва Ўкраіне.

Пра гэта ён заявіў у інтэрвію BBC.

«Я спадзяюся, што Беларусь не далучыцца да вайны. Калі гэта адбудзецца — мы будзем змагацца і выжывем, — сказаў Зяленскі.

Ён дадаў, што дазволіць Расеі зноў выкарыстоўваць Беларусь у якасьці пляцдарму для нападу было б «велізарнай памылкай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Лукашэнка спрабуе спалучыць ролі голуба міру і ваеннага саюзьніка Крамля», — Аляксандар Класкоўскі

16 лютага Аляксандар Лукашэнка дае прэс-канфэрэнцыю для беларускіх і замежных журналістаў. Ён сказаў, што Расея была вымушаная ўступіць у вайну, каб абараняць расейцаў. Між іншага, Лукашэнка расказаў, пры якіх умовах уступіць у вайну супраць Украіны:

«Я гатовы разам з расейцамі ваяваць з тэрыторыі Беларусі толькі ў адным пакуль выпадку: калі адтуль хоць адзін салдат прыйдзе на тэрыторыю Беларусі забіваць маіх людзей. Калі яны зробяць агрэсію супраць Беларусі, адказ будзе вельмі жорсткі. І вайна набудзе зусім іншы характар».

Лукашэнка адзначыў, што гэта тычыцца ня толькі Ўкраіны, але і іншых суседзяў. Пры гэтым, паводле Лукашэнкі, Зяленскі «зьнішчае Ўкраіну». Ён выказаў упэўненасьць, што па заканчэньні вайны Ўкраіне ніхто не дапаможа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка сабраў замежных журналістаў, расказаў пра вайну, закрыцьцё памежных пераходаў і сустрэчу з Пуціным
  • У канцы лютага 2022 году частка расейскіх войскаў, якія ўдзельнічалі ў поўнамаштабным уварваньні на тэрыторыю Ўкраіны, атакавала ўкраінскія гарады з тэрыторыі Беларусі. Таксама тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца расейскім вайсковым камандаваньнем як пляцдарм для нанясеньня ракетных і авіяцыйных удараў па Ўкраіне. Пры гэтым беларускае войска ня ўдзельнічае ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне.
  • У кастрычніку Аляксандар Лукашэнка прызнаў удзел Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны, але падкрэсьліў, што беларусы «нікога не забіваюць».
  • Пэрыядычна розныя крыніцы паведамляюць, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін спрабуе схіліць Аляксандра Лукашэнку да непасрэднага ўдзелу ў вайне.