У паведамленьні ДПК Беларусі адзначаецца, што ў рамках ануляванага Літвой пагадненьня беларускія і літоўскія службы інфармавалі адна адну пра неабходнасьць узмацненьня зьмен, пераразьмеркаваньня сіл на больш загружаныя напрамкі і вырашэньня няштатных сытуацый.
Беларускі бок заявіў, што Літва летась фактычна не выконвала абавязаньні па пагадненьні: прапускала на сваю тэрыторыю да 50% фураў ад нормы, працавала нерытмічна.
«Разарваўшы пагадненьне ў афіцыйным парадку, Літва ўзяла на сябе адказнасьць за стварэньне чэргаў на мяжы зь Беларусьсю. Пазыцыя літоўскіх уладаў зьвялася да стварэньня праблем для тых, хто перасякае мяжу. Акрамя таго, гэты крок мае пэўныя мэты, зьвязаныя з пагаршэньнем эканамічных сувязей паміж нашымі краінамі. Такім чынам, літоўскі бок дыскрэдытаваў сябе як надзейнага партнэра, у тым ліку ў сфэры трансьмежавага супрацоўніцтва», – заявіў ДПК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Польскія памежнікі разграмілі найбуйнейшую ў гісторыі групу, якая займалася кантрабандай цыгарэт зь БеларусіСёньня стала вядома, што Літва выйшла з пагадненьня па забесьпячэньні бесьперабойнага патоку транспарту празь мяжу зь Беларусьсю.
16 лютага Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў, што Служба аховы дзяржаўнай мяжы пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літоўскай Рэспублікі ў аднабаковым парадку спыніла ўзаемадзеяньне з мытнымі і памежнымі службамі Рэспублікі Беларусь.
Пагадненьне па забесьпячэньні бесьперабойнага патоку транспарту празь мяжу і павелічэньні прапускной здольнасьці аўтадарожных пунктаў пропуску дзейнічала з 4 лістапада 2019 году.
Раней Літва пацьвердзіла закрыцьцё чыгуначнага пункту пропуску Стасілас — Беняконі на мяжы зь Беларусьсю. Рашэньне прынялі 14 лютага. Працоўным па гэтым кірунку застаўся пункт пропуску «Кяна» (зь беларускага боку «Гудагай»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Літва выйшла з пагадненьня па забесьпячэньні бесьперабойнага патоку транспарту празь мяжу зь Беларусьсю«Гэтыя меры прымаюцца ў сувязі зь вялікімі плынямі кантрабанды, якая перавозіцца цягнікамі зь Беларусі, і зьвязанай з гэтым падвышанай пагрозай нацыянальнай бясьпецы Літвы», — сказалі ў Літоўскай мытні, патлумачыўшы рашэньне закрыць рух адсутнасьцю рэнтгенаўскай сыстэмы надгляду на станцыі Стасілас.
Мытня адзначае, што апошнія гады аб’ём кантрабанды, у першую чаргу цыгарэт, зь Беларусі праз Стасілас значна вырас. Летась на Стасілас прыпала 87% цыгарэт, перахопленых на чыгунцы. У той жа час абʼём кантрабанднага патоку праз Кяну зьнізіўся пасьля ўстаноўкі там рэнтгенаўскага комплексу.
Ускладненьні на мяжы зь Літвой дадаліся да ранейшых праблем на мяжы з Польшчай. Польскія ўлады закрылі пункт пропуску «Баброўнікі», афіцыйна — у адказ на палітычны прысуд журналісту і дзеячу польскай меншасьці ў Беларусі Анджэю Пачобуту, якому прысудзілі 8 гадоў турмы. Пры гэтым у гэтым пункце пропуску паліцыя арыштавала некалькіх мытнікаў праз падазрэньні ў хабары.
З шасьці пунктаў пропуску на мяжы Беларусі і Польшчы засталіся два, абодва ў Берасьцейскай вобласьці. Толькі адзін зь іх прызначаны для руху легкавога транспарту: Берасьце — Тарэспаль.