Кіраўнік «Вагнэра» Прыгожын прызнаў, што Бахмут «ня будзе ўзяты заўтра»

Заснавальнік ПВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын.

Захоп расейскімі войскамі гораду Бахмут непазьбежны, Узброеныя сілы Ўкраіны аказваюць моцны супраціў, заявіў 14 лютага заснавальнік ПВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын.

«На ўсіх кірунках праціўнік актывізуецца, падцягваючы ўсё новыя і новыя рэзэрвы. Кожны дзень да Бахмута па ўсіх кірунках падыходзяць ад 300 да 500 новых байцоў. Артылерыйскі агонь узмацняецца з кожным днём... Адкуль бяруцца расказы пра нейкае акружэньне і яшчэ нешта — зусім незразумела», — апублікаваў словы Прыгожына блізкі да яго тэлеграм-канал.

Паводле яго слоў, «заўтра Бахмут ня возьмуць, таму што ідзе моцны супраціў і прыціркі». «Таму разважаць і дэмаралізаваць усіх сваімі нявыкананымі абяцаньнямі абсалютна бессэнсоўна», — прызнаецца заснавальнік ПВК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выведка Вялікай Брытаніі: Расея спрабуе наступаць на большасьці кірункаў, але для посьпеху ёй не хапае баявой моцы

Украінскія вайскоўцы заяўляюць, што сытуацыя ў раёне Бахмута «працягвае заставацца напружанай», за суткі паблізу гораду адбылося 17 баявых сутыкненьняў, паведаміў прэс-сакратар Усходняй групоўкі Ўзброеных сілаў Ўкраіны Сяргей Чараваты.

«Наступ у нашым кірунку пачаўся даўно. Жорсткія і крывавыя атакі праціўніка ідуць ужо больш за паўгода... Кожны дзень амплітуда абстрэлаў аднолькавая — ад 35 да 50», — сказаў ён у эфіры тэлемаратону.

14 лютага брытанская выведка заявіла, што за апошнія тры дні найміты ПВК «Вагнэра» «амаль напэўна» прасунуліся на ўскраіне Бахмута, але арганізаваная ўкраінская абарона ў гэтым раёне працягваецца.

Бахмут застаецца галоўным гарачым пунктам на фронце. Баі за горад, у якіх значную ролю з расейскага боку адыгрываюць найміты групоўкі Яўгена Прыгожына, ідуць зь ліпеня 2022 году. Вайсковыя аналітыкі адзначылі, што ўзяцьце Бахмута мае хутчэй сымбалічнае значэньне для Расеі, але не істотнае з стратэгічнага пункту гледжаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Тых хто адступіў, расстрэльваюць на месцы». Палонныя байцы з «ЧВК Вагнера» расказалі CNN пра страты і забойствы

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мінабароны Расеі будзе ўзбройваць і забясьпечваць добраахвотнікаў. Гэтага патрабавала група «Вагнэра»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Крамлі прызналі, што Пуцін выдае тайныя ўказы аб памілаваньні асуджаных злачынцаў, якія ідуць на вайну з Украінай

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.