Нягледзячы на санкцыі, Польшча экспартуе ў Беларусь тавараў на 1,5 млрд эўра

Польска-беларуская мяжа

Польскія журналісты даведаліся, чаму працягваецца буйны гандаль паміж Польшчай і Беларусьсю, нягледзячы на санкцыі.

Эканамічны партал businessinsider.com.pl паразмаўляў з экспэртамі і польскімі прадпрымальнікамі пра тое, чаму не спыняецца гандаль з Рэспублікай Беларусь.

Польскія кампаніі, якія ўсё яшчэ працуюць у Беларусі, сьцьвярджаюць, што выйсьці з краіны немагчыма. Усё праз закон, які ўвёў Лукашэнка. Беларуская эканоміка залежыць ад экспарту паслуг і тавараў — гэта больш за 70% эканомікі краіны.

У санкцыйны сьпіс уваходзяць беларускі цэмэнт, калійныя ўгнаеньні і сталь, а таксама ўсе тавары і тэхналёгіі, якія можна выкарыстоўваць у абароннай прамысловасьці. А Менск у адказ увёў эмбарга, у тым ліку на польскае мяса, некаторыя віды садавіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Давядзецца скарачаць штат і заробкі». Што адбываецца зь «Беларуськаліем» праз год пасьля ўвядзеньня забароны на літоўскі транзыт

За 11 месяцаў мінулага году ў Польшчу было імпартавана прадукцыі на 993 млн эўра. Гэта прыкладна на 500 млн эўра менш, чым год таму, але ўсё роўна сума значная. Так, паводле зьвестак Галоўнага статыстычнага ўпраўленьня, у Польшчу пастаўляўся лес (і спадарожныя матэрыялы) на суму амаль 200 мільёнаў эўра. Далейшыя пазыцыі — тлушчы жывёльнага і расьліннага паходжаньня, а таксама прадукцыя хімічнай прамысловасьці.

Са студзеня па лістапад 2022 году ў Беларусь з Польшчы трапіла тавараў на 1,57 млрд эўра. Гэта ўсяго на 185 мільёнаў эўра менш, чым годам раней, перад пачаткам вайны ва Ўкраіне. Пасьля закрыцьця пункту ў Баброўніках гандаль можа сур’ёзна ўпасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Экспарт на 90,5 мільёна даляраў, будавалі разам цягнікі. Што аб’ядноўвае Беларусь і Вугоршчыну

«Кампаніі з расейскім і беларускім капіталам могуць без абмежаваньняў рэгістраваць фірмы ў Польшчы, часам праз свае даччыныя кампаніі зь іншых краін Эўразьвязу. Такія кампаніі не трапляюць пад санкцыі, яны бяруць на сябе ролю падсанкцыйных кампаній у ланцужку паставак і на паперы павялічваюць экспарт», — адзначыў польскі юрыст Мацей Анішчук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«На літоўскім пераходзе будзе каляпс». Беларусы расказалі, што зьменіцца, калі закрыюць Баброўнікі