Кампанія «БНК-Україна», украінская дачка «Беларускай нафтавай кампаніі, завінавацілася ўкраінскім прадпрыемствам амаль 1,5 мільярда грыўняў (крыху менш, чым 40 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС) за непастаўленую прадукцыю па падпісаных раней кантрактах праз тое, што пачалася вайна.
Львоўскі суд прызнаў 21 украінскае прадпрыемства крэдыторамі «БНК-Україна» у межах працэсу аб яе банкруцтве. Наступнае пасяджэньне па разглядзе справы адбудзецца ў сакавіку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Стала вядома пра арышт ва Ўкраіне актываў кампаніі, якую ачольваў сын былога амбасадара Беларусі ў КіевеНайбольш пацярпела прадпрыемства ТАА «Бел-Петрол Трейдінг», якое займаецца гуртавым і раздробным гандлем нафтапрадуктамі і хімічнай прадукцыяй. Яе грашовая прэтэнзія да «БНК-Україна» складае больш як 327 мільёнаў грыўняў. Менавіта гэтая кампанія і ініцыявала працэс банкруцтва «БНК-Україна», якая не змагла выканаць кантракты з прычыны расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.
«Бел-Петрол Трейдінг» дзейнічае на ўкраінскім рынку з 2017 году, а прысутнасьць у назьве часткі «Бел-» з тых часоў, калі ў ёй былі беларускія інвэстыцыі. Так, прынамсі, тлумачыў Свабодзе яе кіраўнік Аляксандар Пазій.
Арбітражным кіраўніком украінска-беларускай кампаніі «БНК-Україна» быў прызначаны Віталь Коваль. Ён цяпер займаецца інвэнтарызацыяй кантрактаў, маёмасьці, фінансавай і бухгальтарскай справаздачнасьці. Аднак кіраўніцтва «БНК-Україна» пакуль перадала яму ня ўсе неабходныя дакумэнты.
Віталь Коваль цяпер спрабуе дабіцца ад энэргетычнай мытні інфармацыі аб сплачаных кампаніяй мытах, а таксама высьветліць, ці стварала «БНК-Україна» іншыя прадпрыемствы ва Ўкраіне. Ня выключана, што цягам судовага працэсу пералік пацярпелых украінскіх кампаній павялічыцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ва Ўкраіне пачалі справу аб банкруцтве «БНК-Україна», кампаніі зь беларускімі заснавальнікаміШто вядома пра «БНК-Україна»
Беларуская кампанія «БНК-Україна» да арышту яе актываў пасьля пачатку вайны займала 27-е месца ў пераліку найбольшых падаткаплатнікаў Украіны.
Летась 16 чэрвеня Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла аб арышце актываў і банкаўскіх рахункаў беларускай кампаніі «БНК-Україна» на падставе яе датычнасьці да фінансаваньня агрэсіі Расеі супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларускую паліўную кампанію абвінавацілі ў фінансаваньні агрэсіі Расеі супраць УкраіныКошт арыштаваных актываў тады вызначылі ў 20 мільёнаў грыўняў (амаль 600 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС).
Крымінальную справу супраць беларускай кампаніі завялі 5 красавіка 2022 году. Адметна, што ў матэрыялах справы як яе канцавыя бэнэфіцыяры фігуруюць ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія» і рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Вытворчае аб’яднаньне „Беларуснафта“», супраць якой увялі міжнародныя санкцыі ў сувязі з фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткім разгонам акцыяў пратэсту.
Пры гэтым Міністэрства юстыцыі Ўкраіны яшчэ ў канцы 2021 году прыняло і зарэгістравала статутныя зьмены, згодна зь якімі «канцавы бэнэфіцыярны ўласьнік у юрыдычнай асобы адсутнічае ў сувязі з тым, што заснавальнікамі ёсьць прадпрыемствы Рэспублікі Беларусі». На думку экспэртаў, такія зьмены дазвалялі фактычна падсанкцыйнай кампаніі надалей працаваць на ўкраінскім рынку без абмежаваньняў.
Так выглядаў афіцыйны сайт кампаніі «БНК-Україна» да вайны
10 чэрвеня 2022 году суд пацьвердзіў арышт рахункаў «БНК-Україна» у двух банках — «Банк Альянс» і «Південний». Агулам у кіраваньне агенцтва, якое займаецца сканфіскаванай маёмасьцю, перадалі 455 573,15 эўра. Дырэктар беларускай кампаніі спрабаваў у судовым парадку абскардзіць арышт грошай на рахунку, але суд падтрымаў рашэньне сьледзтва.
Справу кампаніі «БНК-Україна» расьсьледуе Падольская акруговая пракуратура Кіева. Завялі справу паводле ч. 2 артыкула 110-2 (фінансаваньне дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены або зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу, захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны), а таксама паводле ч. 5 артыкула 191 (прыўлашчваньне маёмасьці шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, учыненае ва ўмовах ваеннага становішча).
Згодна з Крымінальным кодэксам Украіны, за такія злачынствы пагражае ад 2 да 12 гадоў пазбаўленьня волі з забаронай займаць адказныя пасады.
Цяпер усе актывы перададзены ў кіраваньне Нацыянальнага агенцтва Ўкраіны ў пытаньнях знаходжаньня, вышуку і кіраваньня актывамі, атрыманымі ад карупцыйных і іншых злачынстваў (АРМА).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Яшчэ да вайны вывелі актывы і прадалі тэхніку. Падрабязнасьці крымінальных спраў супраць беларускіх прадпрыемстваў ва Ўкраіне