Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар (БРЦ) абнародаваў свой аналіз, зроблены ў рамках праекту «Сакрэты Credit Suisse». Дасьледаваньне прысьвечанае выцеку інфармацыі пра рахункі ў гэтым банку, другім па аб'ёме крэдытаў банку Швайцарыі.
Выцек утрымліваў інфармацыю больш як пра 18 тысячаў рахункаў, агульная сума сродкаў на якіх перавышала 100 мільярдаў даляраў. Над праектам працавалі 163 журналісты з 48 выданьняў у 39 краінах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сям’я Дзьмітрыя Лукашэнкі замяшаная ў афэры на суму каля 200 млн даляраў, — Беларускі расьсьледніцкі цэнтарБРЦ знайшоў больш за 120 беларусаў, якія адкрывалі рахункі ў Credit Suisse. З дапамогай ініцыятывы «Кібэрпартызаны» былі правераныя тыя зь іх, хто зьвязаны з палітыкай ці асуджаны за злачынствы. У выніку былі абраныя 3 чалавекі, якія маглі выкарыстоўваць сакрэтнасьць швайцарскай банкаўскай сыстэмы для сумнеўных мэтаў.
Гэта Пётр Калугін, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, чые даходы ў некалькі разоў меншыя за суму на ягоным швайцарскім рахунку. Другі — бізнэсовец Альбэрт Ларыцкі, які двойчы апынаўся за кратамі, прычым у розных краінах. Трэці — беларускі прадпрымальнік Аляксей Алексін, блізкі да беларускіх уладаў, які гандляваў нафтапрадуктамі па шэрых схемах.
Падрабязьней — у сьвежай аналітыцы Беларускага расьсьледавальніцкага цэнтру.