У офісе Зяленскага заявілі, што бачаць у Лукашэнку разуменьне разьвіцьця вайны, а ў сустрэчы зь Ціханоўскай не адчуваюць карысьці

Міхайла Падаляк, дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны

Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны адказаў, ці ёсьць ва ўкраінскай улады стратэгія ў дачыненьні да Сьвятланы Ціханоўскай і Аляксандра Лукашэнкі і чаму ніхто з прадстаўнікоў Украіны не сустракаецца зь Ціханоўскай.

Міхайла Падаляк, дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, заявіў, што ўкраінская ўлада ня бачыць асаблівага сэнсу ў разьвіцьці дачыненьняў зь беларускай апазыцыяй.

«Мы ня бачым сэнсу асаблівага разьвіваць гэтыя дачыненьні, таму што ня бачым уцямнай антываеннай актыўнасьці з боку апазыцыі. Што такое актыўнасьць? Гэта нейкія маштабныя маніфэстацыі, нават не ў самой Беларусі, а каля беларускіх амбасад іншых краін», — сказаў Міхайла Падаляк у інтэрвію літоўскаму выданьню Delfi.

Такім чынам дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны адказаў на пытаньне, ці ёсьць у ўкраінскай улады стратэгія ў дачыненьні да Сьвятланы Ціханоўскай і Аляксандра Лукашэнкі і чаму ніхто з прадстаўнікоў Украіны не сустракаецца зь Ціханоўскай.

«Пра сустрэчу зь Ціханоўскай, пры ўсёй павазе, а якая вартасьць гэтай сустрэчы? Зяленскі фармуе глябальны парадак дня, але ён ня можа фармаваць лякальныя, рэгіянальныя парадкі ў кожнай краіне. Наконт беларускай апазыцыі, мне здаецца, ім сёньня трэба вызначыцца, хто ў іх сапраўды можа ўплываць на беларускае грамадзтва, і тады ўжо будзем разглядаць магчымасьць сустрэчы. Зь іншага боку, у Лукашэнкі бачым разуменьне таго, як гэтая вайна разьвіваецца. Для яго максымальна небясьпечна ў гэтай вайне браць яшчэ больш актыўны ўдзел, чым цяпер», — патлумачыў Міхайла Падаляк.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбраў 2020 году, вынікі якіх не прызналі ў сьвеце, Сьвятлана Ціханоўская правяла шмат міжнародных сустрэч у Эўропе і ЗША. Сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскай улады не адбылося, хоць адразу пасьля выбараў яны заявілі, што ня лічаць Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіеве беларускія і ўкраінскія экспэрты абмеркавалі, як спрыяць даверу паміж народамі падчас вайны і пасьля яе

Украінскі палітоляг Яўген Магда раней выказваў меркаваньне, што беларускаму і ўкраінскаму грамадзтвам ня варта канцэнтравацца на магчымай сустрэчы Ўладзіміра Зяленскага і Сьвятланы Ціханоўскай, а трэба будаваць і разьвіваць «гарызантальныя сувязі».

«Калі розныя структуры ўнутры Беларусі будуць так ці інакш змагацца выключна за тое, каб трапіць у кабінэт Уладзіміра Зяленскага, гэта будзе контрапрадуктыўна. У нас не манархія, і галоўную ролю выконваюць не пэрсаналіі, а сыстэмы і працэсы, якія цяпер існуюць», — заявіў Яўген Магда.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Таемная зброя спэцслужбаў. Каб дыскрэдытаваць Ціханоўскую, улады выкарыстоўваюць супярэчнасьці ўнутры апазыцыі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.