Эўразьвяз назваў сусьветнага лідэра па дэзынфармацыі
Пікет Анастасіі Аўсяньнікавай супраць дэзынфармацыі ў этэры расейскага Першага каналу, 2022
Зьнешнепалітычная служба Эўразьвязу апублікавала даклад пра дэзынфармацыю і маніпуляцыі фактамі ў сусьветнай інфармацыйнай прасторы ў 2022 годзе. Расея ў дакладзе названая галоўнай краінай-дэзынфарматарам году.
На думку ведамства, вайна Расеі ва Ўкраіне стала галоўнай тэмай інфармацыйных нападаў, прычым у 60 выпадках са 100 іх мэтай было апраўданьне расейскага ўварваньня.
Другой мэтай інфармацыйных атак, якія паходзяць з Расеі, стала дыскрэдытацыя Эўрапейскага Зьвязу і краін, якія ў яго ўваходзяць.
Афіцыйны прадстаўнік ЭЗ у зьнешнепалітычных пытаньнях Пэтэр Стана пацьвердзіў, што большасьць выпадкаў дэзынфармацыі пра Эўразьвяз паходзяць з Расеі ці ад зьвязаных зь ёю агентаў. У дакладзе падкрэсьліваецца, што фэйкі распаўсюджваюцца афіцыйнымі дыпляматычнымі каналамі, дзяржаўнымі СМІ, якія вяшчаюць як на расейскую, так і на замежную аўдыторыю, а таксама пракрамлёўскімі каналамі ў інтэрнэце, чыя сувязь з расейскім урадам непасрэдна не абазначана, але якія могуць атрымліваць фінансаваньне з Масквы.
У прыватнасьці, расейская прапаганда імкнецца прадставіць Украіну як «нацысцкую» дзяржаву, вінаваціць яе ў «генацыдзе» і забойствах уласных грамадзян, распаўсюджваць фэйкі пра наяўнасьць там біялябараторый ЗША, якія нібыта распрацоўваюць біялягічную зброю, накіраваную на «расейскую ДНК», і пра сувязі ўкраінскіх «нэанацыстаў» з замежнымі выведкамі. У дакладзе зазначаецца, што такую дэзынфармацыю з крамлёўскіх крыніц таксама актыўна распаўсюджваюць дзяржаўныя СМІ Кітаю. У цэлым дэзынфармацыя такога роду была знойдзеная ў паведамленьнях як мінімум на 30 мовах, у тым ліку 16 эўрапейскіх.
У якасьці найбольш паказальных прыкладаў дэзынфармацыі ў дакладзе названыя расейскія мэдыякампаніі Sputnik і Russia Today (RT).
Намесьніца старшыні Эўракамісіі Вера Юрава анансавала запуск праекту «Радыё Свабодная Расея» (пакуль гэта працоўная назва), які аб’яднае намаганьні незалежных расейскамоўных журналістаў і выданьняў у стварэньні праўдзівага кантэнту для расейскамоўнай аўдыторыі.