Ва Ўкраіне раскрылі схему паставак сельгаспрадукцыі з акупаванага Крыму ў Эўразьвяз празь Беларусь і Польшчу

Крымскую прадукцыю перавозілі спачатку ў Расею, а потым у Беларусь. Крымскі мост. Ілюстратыўнае фота

Бізнэсоўцы абыходзілі дзейныя санкцый Эўрапейскага зьвязу, якія забараняюць імпарт у Эўропу тавараў, вырабленых у анэксаваным Расеяй Крыме.

Ва Ўкраіне арыштавалі актывы і маёмасьць больш як 20 кампаній, якія былі ўключаныя ў ланцужок паставак сельскагаспадарчай прадукцыі з акупаванага Расеяй Крыму ў Эўразьвяз у абыход эўрапейскіх санкцый.

Большасьць гэтых кампаній зьвязаныя або належаць жыхару Крыму Ўладзіміру Вылягжаніну. Пасьля захопу Расеяй Крыму ён перарэгістраваў свой фэрмэрскі бізнэс паводле расейскіх законаў, а ягоны сын пераехаў на мацерыковую Ўкраіну і стварыў шэраг сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у Чарнігаўскай і Чаркаскай абласьцях.

Да 2013 году фэрмэрскія гаспадаркі Вылягжаніных у Крыме вырошчвалі крымскі рыс, а таксама імпартавалі рыс з Пакістану і Віетнаму. Потым яго перапрацоўвалі, фасавалі і экспартавалі ў Беларусь і Расею.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады анэксаванага Расеяй Крыму заявілі, што заключылі кантракты на пастаўкі ў Беларусь прадукцыі на 2,6 млн даляраў

Цяпер сьледчыя Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў (ДБР) Украіны вядуць справу паводле ч.2 артыкулу 110-2 аб фінансаваньні дзеяньняў для гвалтоўнай зьмены або зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу, захопу дзяржаўнай улады і зьменаў дзяржаўнай мяжы (караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 5 да 7 гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю на тэрмін да двух гадоў з канфіскацыяй маёмасьці).

Сьледзтва вызначыла, што галоўным прадпрыемствам было крымскае ТАА «Осавиахим», якое на ўласных магутнасьцях акумулявала вырашчаныя ўсімі прадпрыемствамі групы прадукцыю і рэалізоўвала расейскай кампаніі «Витал» для далейшага экспарту ў Польшчу.

Пры гэтым, паводле сьледчых, ТАА «Витал» зьяўлялася транзытным прадпрыемствам, то бок пасярэднікам між крымскім сельгасвытворцам і польскімі імпарцёрамі для легалізацыі паходжаньня сельскагаспадарчай прадукцыі і абыходу дзейных санкцый Эўрапейскага зьвязу па забароне імпарту ў Эўропу тавараў, вырабленых у Крыме.

У ДБР таксама назвалі польскія кампаніі, якія грузавым аўтамабільным транспартам вывозілі прадукцыю з акупаванага паўвострава ў Польшчу праз мацерыковую частку Расеі і потым праз тэрыторыю Беларусі — «Veles Agro» Sp. z o.o і «PTS» SP. z o.o. Уласьнікам гэтых прадпрыемстваў, паводле сьледзтва, таксама зьяўляецца Ўладзімір Вылягжанін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Украіна верне сабе Крым да канца лета». Што казалі ўдзельнікі дыскусіі Atlantic Council пра хаду вайны

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.