Украіна і Расея паведамілі пра страты салдатаў супернікаў у вайне, аб уласных стратах не гавораць

Украінскія валянтэры едуць па вуліцах гораду Бахмуту Данецкай вобласьці пасьля расейскай атакі. 2 лютага 2023

Афіцыйна ні Расея, ні Ўкраіна не называюць дакладнай колькасьці сваіх вайсковых страт у гэтай вайне, гавораць толькі пра страты ў стане ворага.

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што апошнія два дні Расея панесла найбольшыя страты за ўвесь час вайны.

Паводле ўкраінскага боку, 7 лютага загінулі або атрымалі раненьні 1030 расейскіх вайскоўцаў, а 8 лютага — яшчэ 910. Такія страты адбыліся на ўсходзе Ўкраіны, дзе расейскія войскі спрабуюць наступаць. Гэта вынік таго, сьцьвярджаюць ва Ўкраіне, што Расея кідае ў бой непадрыхтаваных мабілізаваных.

Паводле Генштабу Ўкраіны, з пачатку расейскага ўварваньня на тэрыторыі Ўкраіну загінулі і атрымалі раненьні 134 100 расейскіх вайскоўцаў.

У сваю чаргу міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу 7 лютага паведаміў, што толькі ў студзені загінулі 6500 украінскіх вайскоўцаў.

Спраўдзіць гэтую інфармацыю ва ўмовах вайны немагчыма. Афіцыйна ні Расея, ні Ўкраіна не называюць дакладнай колькасьці сваіх страт у гэтай вайне. Абодва бакі пэрыядычна публікуюць інфармацыю пра чужыя страты, што сьведчыць аб імкненьні перахапіць ініцыятыву ў псыхалягічна-інфармацыйнай вайне.

Цяпер абодва бакі нясуць вялікія страты ў баях пад Бахмутам і Вуглядарам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

NYT: Расея страціла ва Ўкраіне забітымі і параненымі 200 тысяч вайскоўцаў

Расея пераконвае, што ва Ўкраіне загінулі 5937 расейскіх салдатаў (паводле зьвестак на верасень 2022 году), але журналісты ў пачатку сьнежня на падставе адкрытай інфармацыі змаглі пацьвердзіць гібель больш як 10 тысяч вайскоўцаў, у тым ліку звыш 400 мабілізаваных зь верасьня.

Афіцыйныя асобы Ўкраіны заяўляюць пра гібель ад 10 да 13 тысяч украінскіх вайскоўцаў. У Расеі пераконваюць, што загінулі і атрымалі раненьні звыш 110 тысяч вайскоўцаў Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Генштаб Украіны заявіў пра 100 тысяч забітых расейскіх вайскоўцаў

Вайсковыя штабы ЗША і Эўропы ацанілі страты Расеі і Ўкраіны парытэтнымі — каля 100 тысяч вайскоўцаў у кожнага з бакоў.

У пачатку лютага 2023 году амэрыканскае выданьне The New York Times паведаміла, што паводле зьвестак амэрыканскіх і іншых заходніх крыніц, колькасьць загінулых і параненых расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне набліжаецца да 200 тысяч.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.