Лукашэнка чакае новых санкцый супраць Беларусі за падтрымку Расеі ў вайне

Аляксандар Лукашэнка

Лукашэнка: «Нас таксама будуць дадатковымі санкцыямі ня проста палохаць, а напампоўваць».

Аляксандар Лукашэнка правёў нараду аб банкаўскай справе і заклікаў урад і банкі вырашыць праблему з адпраўкай і атрыманьнем плацяжоў у іншыя краіны:

«Мы быццам бы прадукцыю можам паставіць і іншае... Таму трэба спэцыялістам Нацыянальнага банку і наагул банкам падключацца да вырашэньня праблемы праходжаньня плацяжоў. Гэтай праблемы быць не павінна. Яе няма: мы проста кепска працуем. І асобныя нашы прыватнікі паказваюць, як трэба працаваць»,— заявіў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе аб банкаўскай сфэры.

Аляксандар Лукашэнка таксама прызнаў праблемы з плацяжамі пры ажыцьцяўленьні замежных гандлёвых апэрацый.

«Расею шпігуюць дадатковымі санкцыямі і, каб праз нас не было шляху абыходу, нас таксама будуць дадатковымі санкцыямі ня проста палохаць, а нашпігоўваць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЭЗ можа аслабіць абмежаваньні на экспарт беларускіх калійных угнаеньняў, — журналіст Свабоды Юзьвяк

Эўразьвяз на мінулым тыдні абмяркоўваў 10-ы пакет санкцый за вайну ва Ўкраіне: пытаньні абмежаваньняў на расейскі нафтавы экспарт і санкцыі адносна Беларусі. Сярод 27 дзяржаў – сяброў ЭЗ існуе адзіная думка, што гэтыя захады неабходныя, але разыходзяцца погляды на зьмест і тэрміны. Уводзіць сталыя абмежаваньні на цану нафты і нафтапрадуктаў ня хочуць, каб не пашкодзіць краінам Азіі і Афрыкі.

Прапанова адлюстроўвае некаторыя зь мераў, якія ўжо ўжываюцца да Расеі, — такія, як забарона на экспарт ІТ-паслуг, тавараў і забарона на імпарт беларускіх сталі і золата.

У прапанове аб Беларусі, зь якой азнаёмілася Радыё Свабода, адзначана, што гэта робіцца «дзеля таго, каб лепш вырашаць праблемы харчовай бясьпекі ў трэціх краінах» і што асобам, якія адыгрываюць «значную ролю ў міжнародным гандлі сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыяй, у тым ліку пшаніцай і ўгнаеньнямі», Брусэль можа размарозіць актывы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прыбытак банкаў Расеі за 2022 год упаў у 12 разоў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чэскае адгалінаваньне Raiffeisenbank 15 лютага спыніць супрацоўніцтва зь Беларусьсю