Кіраўнік ЦРУ: Сі Цзіньпін загадаў кітайскім вайскоўцам падрыхтавацца да ўварваньня на Тайвань да 2027 году

Уільям Бэрнс

Дырэктар ЦРУ ЗША Ўільям Бэрнс заявіў, што ня варта недаацэньваць амбіцыі старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў дачыненьні да Тайваня, нягледзячы на тое, што Пэкін, падобна, «працьверазілі вынікі дзеяньняў расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне».

Пра гэта, як паведамляе «Голас Амэрыкі», Бэрнс сказаў, выступаючы ў Джорджтаўнскім унівэрсытэце ў Вашынгтоне.

Па словах Бэрнса, «на аснове дадзеных выведкі» ЗША вядома, што Сі Цзіньпін загадаў сваім вайскоўцам падрыхтавацца да ўварваньня на Тайвань да 2027 году.

«Гэта не азначае, што ён вырашыў учыніць уварваньне ў 2027-м ці ў іншым годзе, але гэта нагадвае аб сур’ёзнасьці яго намераў і ягоных амбіцыях», — сказаў дырэктар ЦРУ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Імавернасьць канфлікту з Кітаем вельмі высокая, лічыць старшыня Камітэту ў замежных справах Палаты прадстаўнікоў ЗША

«Зыходзячы з нашых ацэнак, я б не недаацэньваў амбіцыі старшыні Сі ў дачыненьні да Тайваня», — сказаў ён, дадаўшы, што кітайскі лідэр, імаверна, «зьдзіўлены і знаходзіцца ў замяшаньні» і спрабуе зрабіць высновы зь «вельмі дрэнных вынікаў» расейскіх вайскоўцаў і сыстэмаў узбраеньня ва Ўкраіне.

У лютым мінулага году, незадоўга да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, Расея і Кітай падпісалі пагадненьне аб «бязьмежным партнэрстве», і іх эканамічныя сувязі ўмацоўваюцца па меры таго, як адносіны Расеі з Захадам чэзнуць.

«Мне здаецца, было б памылкай недаацэньваць узаемную прыхільнасьць да гэтага партнэрства, але гэта не сяброўства бязь межаў», — сказаў Бэрнс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнтагон: над ЗША праляцеў кітайскі аэрастат-шпіён