Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імавернасьць канфлікту з Кітаем вельмі высокая, лічыць старшыня Камітэту ў замежных справах Палаты прадстаўнікоў ЗША


Кітайскія баявыя самалёты на авіяшоў
Кітайскія баявыя самалёты на авіяшоў

Новы старшыня Камітэту ў замежных справах Палаты прадстаўнікоў рэспубліканец Майк Маккол заявіў у нядзелю, што імавернасьць канфлікту з Кітаем вакол Тайваню «вельмі высокая».

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», камэнтар быў зроблены пасьля таго, як генэрал Майк Мініган, які ўзначальвае авіяцыйнае камандаваньне паветранага транспартаваньня, папярэдзіў у службовым допісе, што ў найбліжэйшыя два гады магчымая вайна ЗША з Кітаем.

Майк Маккол
Майк Маккол

У допісе, апублікаваным у пятніцу, Мініган заявіў: «Мая інтуіцыя падказвае мне, што мы будзем ваяваць у 2025 годзе».

«Я спадзяюся, што ён памыляецца... Але я думаю, што ён мае рацыю», — сказаў Маккол у інтэрвію каналу Fox.

Меркаваньне генэрала не адлюстроўвае пункт гледжаньня Пэнтагону, але паказвае занепакоенасьць амэрыканскіх вайскоўцаў магчымай спробай Кітаю ўсталяваць кантроль над Тайванем.

І ў ЗША, і на Тайвані ў 2024 годзе пройдуць прэзыдэнцкія выбары, што патэнцыйна створыць магчымасьць для Кітаю распачаць ваенныя дзеяньні, піша Мініган.

Маккол сказаў, што калі Кітай ня здолее ўсталяваць кантроль над Тайванем негвалтоўным шляхам, то «яны будуць разглядаць магчымасьць вайсковага ўварваньня. Мы павінны быць гатовыя да гэтага».

Маккол абвінаваціў адміністрацыю прэзыдэнта Джо Байдэна ў праецыраваньні слабасьці пасьля няўдалага вываду войскаў з Афганістану, што можа зрабіць вайну з Кітаем больш імавернай.

«Імавернасьць таго, што можа ўзьнікнуць канфлікт з Кітаем (у сувязі з) Тайванем і Інда-Ціхаакіянскім рэгіёнам, вельмі высокая», — сказаў Маккол.

Міністар абароны Лойд Остын заявіў на пачатку месяца, што ён сур’ёзна сумняваецца ў тым, што актывізацыя ваеннай дзейнасьці Кітаю паблізу Тайваньскага праліву — прыкмета непазьбежнага ўварваньня КНР на востраў.

У суботу прадстаўнік Пэнтагону заявіў, што камэнтары генэрала Мінігана «не адлюстроўваюць пункт гледжаньня Міністэрства абароны ў дачыненьні да Кітаю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG