ЗША падтрымліваюць удзел расейцаў і беларусаў у Алімпіядзе ў якасьці «нэўтральных спартоўцаў» — Белы дом

Прадстаўніца Белага Дому Карын Жан-П’ер

Злучаныя Штаты падтрымліваюць дазвол спартоўцаў з Расеі і Беларусі ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях, калі яны не дэманструюць свае нацыянальныя сьцягі і гербы.

«Злучаныя Штаты падтрымліваюць прыпыненьне дзейнасьці нацыянальных спартыўных органаў Расеі і Беларусі ў міжнародных спартыўных фэдэрацыях», — заявіла журналістам прэс-сакратар Карын Жан-П’ер. Калі спартоўцаў запрашаюць на міжнароднае мерапрыемства, «павінна быць абсалютна ясна, што яны не прадстаўляюць ні Расею, ні Беларусь», падкрэсьліла яна.

Пазыцыя ЗША ўзмацняе дыскусію вакол Парыскіх гульняў 2024 года.

Украіна і бліжэйшыя саюзьнікі Кіева патрабуюць поўнай забароны на ўдзел расейскіх спартоўцаў з прычыны вайны, якую Масква вядзе супраць украінцаў, у тым ліку спартоўцаў. Расея настойвае на зьняцьці ўсіх абмежаваньняў, сьцьвярджаючы, што Алімпіяда не павінна быць палітызаванай.

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заявіў, што разглядае «шлях» для ўдзелу расейцаў і беларусаў у летніх Гульнях 2024 года ў Парыжы. Пазыцыя кіраўніцтва МАК — такія спартоўцы павінны выступаць пад алімпійскім сьцягам і не падтрымліваць публічна вайну, якую Расея вядзе супраць Украіны, у тым ліку з выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым МАК не патрабуе ад патэнцыйных удзельнікаў Алімпіяды асуджэньня агрэсіі Масквы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намер МАК дазволіць расейцам і беларусам рыхтавацца да Алімпіяды-2024 выклікаў спрэчкі. Што гавораць зацікаўленыя бакі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі спартоўцы з актыўнай антываеннай пазыцыяй могуць удзельнічаць у Алімпіядзе» — Аляксандар Апейкін