Палітвязень Андрэй Скурко пераклаў «Айболита» Чукоўскага. Цяпер гэта «Добры доктар Будзь-Здароў»

Кніга Карнея Чукоўскага ў перакладзе Андрэя Скурко

Пераклад, які ў асноўным рабіўся ў няволі, выйшаў асобнай кнігай пад назвай «Добры доктар Будзь-Здароў».

Вершаваную казку Чукоўскага «Айболит» перакладалі на беларускую мову і раней, але Андрэй Скурко зрабіў яе больш сучаснай.

Як пішуць у выдавецтве, «знакамітай кнізе Карнея Чукоўскага неўзабаве споўніцца сто гадоў, таму перакладчыку давялося сёе-тое асучасніць. Будзь-Здароў паказвае хворым зьверанятам мульцікі і лечыць іх ня толькі ад малярыі, але і ад ковіду. Але рытм, дух, настрой арыгінальнага твора перададзены дасканала».

Старонкі з кнігі

30 студзеня стала вядома, што кніга паступіла ў продаж.

Раней на беларускую мову творы К. Чукоўскага перакладалі Ю.Гаўрук, У.Дубоўка, А.Зарыцкі, А.Куляшоў, Я.Сіпакоў, П. Місько і іншыя пісьменьнікі.

Старонкі з кнігі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кот на Валадарцы» і «Беларусь — гэта сьвятое». Якія творчыя праекты зрабілі беларускія палітвязьні за год

Хто такі Андрэй Скурко

Андрэй Скурко — кіраўнік аддзелу рэклямы і маркетынгу газэты «Наша ніва», у розныя гады быў яе аўтарам і рэдактарам, з 2006 па 2017 год — галоўным рэдактарам, а таксама пісаў для часопіса «Наша гісторыя».

Ён таксама сузаснавальнік, бас-гітарыст і аўтар тэкстаў для гурта «Цмокі» (Band A).

У ліпені 2021 году Скурко і іншых ягоных калегаў арыштавалі нібыта за арганізацыю пратэстаў, але ў выніку ў сувязі з пратэстамі ня выставілі наагул ніякіх абвінавачаньняў. Андрэя асудзілі на 2,5 года пазбаўленьня волі паводле артыкула 216 («Прычыненьне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу»).

Суд пагадзіўся з довадамі сьледзтва аб тым, што кіраўніцтва «Нашай нівы» нібыта няправільна аплачвала камунальныя паслугі — паводле тарыфаў для фізычных асоб, а не юрыдычных, і так прычыніла шкоду прадпрыемству «Мінэнэрга» ў памеры больш за 10 тысяч рублёў (каля $4 тысяч). Пры гэтым само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не зьвярталася.

На пачатку чэрвеня 2022 году Андрэя перавялі ў калёнію № 15 у Магілёве. Адтуль ён піша вершы для свайго маленькага сына Тамашыка, а на волі яны ператвараюцца ў мультфільмы.

Згодна з прысудам, Андрэй Скурко павінен выйсьці на волю 18 жніўня 2023 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сьвет выйшла кніга зь дзіцячымі вершамі журналіста Андрэя Скурко