У Чэхіі на прэзыдэнцкіх выбарах перамог адстаўны генэрал Пэтр Павэл

Пэтр Павэл з жонкай Эвай

У Чэхіі завяршылася галасаваньне ў другім туры на прэзыдэнцкіх выбарах. Ідзе падлік галасоў. Яўка, паводле папярэдніх зьвестак, склала амаль 70%.

На пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндавалі генэрал у адстаўцы Пэтр Павэл і былы прэм’ер-міністар Чэхіі мільярдэр Андрэй Бабіш.

Павел набраў 58,32%, Бабіш — 41,67%. Ён атрымаў большасьць галасоў у прамысловых рэгіёнах Чэхіі.

Прэм’ер-міністар Пэтр Фіяла ўжо павіншаваў Пэтра Паўла зь перамогай. Уступленьне на пасаду новага прэзыдэнта адбудзецца 8 сакавіка пасьля інаўгурацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мільярдэр ці генэрал NATO: што выбар Чэхіі азначае для Эўропы, Украіны і Беларусі? Тлумачыць гісторык

Пераможца зьменіць у праскім Градзе Мілаша Зэмана. Яго доўгі час лічылі адным з найбольш прарасейскіх кіраўнікоў краін ЭЗ, але пасьля 24 лютага Зэман рэзка ўзмацніў жорсткасьць сваёй пазыцыі ў дачыненьні да Масквы.

Пэтр Павэл — кадравы вайсковец, першы ў гісторыі Чэхіі і краін былога савецкага блёку кіраўнік Вайсковага камітэту NATO (у 2015-2018 гадах). Займае жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да расейскага нападу на Ўкраіну, выступае за заходнюю арыентацыю Чэхіі, пры гэтым апэлюе і да патрыятычных пачуцьцяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдаты ў прэзыдэнты Чэхіі разышліся ў пытаньні, ці варта ваяваць за Польшчу

Андрэй Бабіш — былы прэм’ер-міністар, цяпер лідэр найбуйнейшай апазыцыйнай партыі, мільярдэр. Незадоўга да выбараў суд апраўдаў яго ў справе аб махлярстве з датацыямі Эўразьвязу. Ядро выбарцаў Бабіша — пэнсіянеры і людзі зь невысокімі даходамі.

Першы тур выбараў прэзыдэнта Чэхіі адбыўся 13 і 14 студзеня. Тады ні Павэл, ні Бабіш не набралі больш за палову галасоў выбаршчыкаў.

Чэхія — парлямэнцкая рэспубліка, але фігура прэзыдэнта ў краіне традыцыйна карыстаецца павагай і вялікім уплывам.