Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты ў прэзыдэнты Чэхіі разышліся ў пытаньні, ці варта ваяваць за Польшчу


Пэтр Павэл і Андрэй Бабіш, каляж
Пэтр Павэл і Андрэй Бабіш, каляж

Міністар замежных спраў Чэхіі Ян Ліпоўскі ў панядзелак перад пасяджэньнем кіраўнікоў МЗС краін ЭЗ у Брусэлі заявіў, што ў выпадку, калі на Польшчу будзе ўчынены напад, суседняя Чэхія прыйдзе ёй на дапамогу.

Пра гэта ён напісаў па-польску ў Твітэры.

Ліпаўскі выступіў з запэўніваньнямі пасьля таго, як адзін з кандыдатаў у прэзыдэнты Чэхіі — мільярдэр і былы прэм’ер-міністар Андрэй Бабіш — увечары ў нядзелю на тэледэбатах заявіў, што калі б стаў прэзыдэнтам, не адправіў бы чэскіх вайскоўцаў на дапамогу Польшчы або краінам Балтыі ў выпадку нападу на іх.

«Адназначна не. Я хачу міру і не хачу вайны. Я б ні ў якім разе не паслаў нашых дзяцей і дзяцей нашых жанчын на вайну», — сказаў Бабіш. Вядоўца некалькі разоў паўтараў пытаньне, і кожны раз Бабіш адказваў на яго адмоўна, сьцьвярджаючы пры гэтым, што яго супернік у другім туры выбараў, адстаўны генэрал Пэтр Павэл, хоча ўцягнуць Чэхію ў вайну.

Хто менавіта мог бы напасьці на Польшчу ці краіны Балтыі, вядоўца дэбатаў не сказаў, аднак з кантэксту было відавочна, што на ўвазе мелася Расея.

Чэхія, як і Польшча, Эстонія, Літва і Латвія, — сябра NATO. Артыкул 5 Паўночнаатлянтычнай дамовы прадугледжвае, што напад на аднаго з саюзьнікаў павінен разглядацца як напад на ўвесь саюз. На гэта Бабішу ўказалі яго палітычныя апанэнты, у тым ліку і Ліпаўскі. Партыі, якія ўваходзяць у кіруючую кааліцыю ў Чэхіі, падтрымліваюць Паўла, яны ж актыўна выступаюць у падтрымку Ўкраіны.

Бабіш мусіў апраўдвацца. Адразу ж пасьля дэбатаў ён напісаў у Твітэры, што ня верыць у магчымасьць нападу на Польшчу ці краіны Балтыі, а калі б на іх усё ж напалі, то ён як прэзыдэнт усё ж прыйшоў бы ім на дапамогу.

Паколькі крытыка не аціхла, у панядзелак Бабіш напісаў, што ня ставіў пад сумнеў абавязкі Чэхіі, а толькі выступае супраць Трэцяй сусьветнай вайны. Паводле яго слоў, ён ужо патлумачыў сваю пазыцыю прэмʼеру Польшчы Матэвушу Маравецкаму, а прэзыдэнта Чэхіі Мілаша Зэмана папрасіў патлумачыць пазыцыю кандыдата ў прэзыдэнты польскаму прэзыдэнту Анджэю Дуду. Афіцыйная Варшава пакуль ніяк не камэнтавала выказваньні Бабіша. Іх, аднак, скрытыкавала польская прэса.

Пэтр Павэл — таксама па-польску — напісаў у Твітары, што другі свой візыт у якасьці прэзыдэнта зробіць у Польшчу (першы візыт чэскія прэзыдэнты традыцыйна робяць у Славаччыну), і асудзіў выказваньні свайго суперніка.

Другі тур выбараў прэзыдэнта Чэхіі адбудзецца 27 і 28 студзеня. У першым туры яны набралі амаль аднолькавую колькасьць галасоў. Апытаньні сьведчаць, што шанцы Паўла вышэйшыя. Бабіш перад другім турам зрабіў стаўку на тое, каб пераканаць выбарцаў, што Павэл як вайсковец хоча ўцягнуць Чэхію наўпрост у канфлікт з Расеяй. Павэл адмаўляе, што пад ягоным кіраўніцтвам Чэхія будзе імкнуцца да вайны з Расеяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG