«Эўрапарлямэнту трэба адмовіцца ад ваяўнічай рыторыкі». У Палаце прадстаўнікоў адрэагавалі на рэзалюцыю аб трыбунале над Лукашэнкам

Палата прадстаўнікоў. Архіўнае фота

У заяве Палаты прадстаўнікоў адзначаецца, што рэзалюцыя Эўрапарлямэнту «мае прапагандысцкі характар».

14 студзеня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю аб спэцыяльным міжнародным судзе ў справе злачынства расейскай агрэсіі супраць Украіны. У рэзалюцыі зьмяшчаецца заклік расьсьледаваць дзеяньні ня толькі Пуціна і кіраўніцтва Расеі, але і Беларусі. Адзначалася, што рэзалюцыя Эўрапарлямэнту мае рэкамэндацыйны характар.

26 студзеня Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у міжнародных справах адрэагавала на рэзалюцыю ЭЗ.

У адпаведнай заяве камісія адзначыла, што рэзалюцыя «ня мае юрыдычнай сілы і носіць прапагандысцкі характар».

«Любыя спробы Эўрапейскага парлямэнту стварыць нейкі трыбунал па справе аб агрэсіі супраць Украіны ў абыход Рады Бясьпекі ААН зьяўляюцца нелегітымнымі. Лічым, што Эўрапейскаму парлямэнту трэба адмовіцца ад ваяўнічай і грубай рыторыкі і аддаць увагу тым сур’ёзным карупцыйным справам, якія адбываюцца ў Брусэлі», — адзначылі ў Палаце прадстаўнікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Лукашэнка гатовы аддаць усё, што мае, каб непасрэна ня ўдзельнічаць у вайне» — украінская выведка

Нядаўна ў ЭЗ паведамілі пра намер увесьці новыя санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны.

  • У лютым 2022 году Лукашэнка дазволіў расейцам выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для нападу на поўнач Украіны, пасьля чаго здарылася разьня ў Бучы, а таксама расейцы вялі зь беларускіх гарадоў абстрэлы цывільных аб’ектаў у гарадах Украіны, ад чаго гінулі людзі. За саўдзел у вайне на Рэспубліку Беларусь наклалі шэраг санкцый.
  • З 16 студзеня пачаліся двухтыднёвыя вучэньні паветраных сіл Беларусі і Расеі на ўсіх беларускіх аэрадромах і палігонах СПА.
  • У той жа час у вайне на баку Ўкраіны змагаецца беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага, таксама беларусы ўваходзяць у склад украінскіх вайсковых фармацый, некаторыя ўжо загінулі на вайне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю аб міжнародным трыбунале за ваенныя злачынствы рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі