Пра гэта піша Politico са спасылкай на вайсковых чыноўнікаў і дыпляматаў.
Паводле словаў аднаго з суразмоўцаў выданьня, раней Вашынгтон заяўляў Кіеву, што зараз пастаўкі вайсковых самалётаў немагчымыя: «Гэта чырвоная лінія». Але яна мяняецца. Улетку так было з HIMARS, якія Кіеў у выніку атрымаў. Затым тое ж адбылося з пастаўкамі танкаў, зазначыў ён.
Аднак пытаньне аб адпраўцы зьнішчальнікаў, піша выданьне, будзе яшчэ больш спрэчным, чым пастаўка Кіеву танкаў заходняга ўзору, піша Politico.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея атакуе Ўкраіну «Шахедамі» і ракетамі. Выбухі ў Адэсе і Кіеве, ёсьць ахвярыПакуль пра гатоўнасьць перадаць Украіне свае зьнішчальнікі F-16 казалі толькі Нідэрлянды. На мінулым тыдні міністар замежных спраў краіны Вопке Хукстра заявіў у парлямэнце, што ягоны кабінэт разгледзіць магчымасьць пастаўкі зьнішчальнікаў, калі Кіеў зьвернецца з такой просьбай.
Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц напярэдадні выключыў пастаўкі зьнішчальнікаў Кіеву, спаслаўшыся на неабходнасьць не дапусьціць далейшай эскаляцыі канфлікту.
Той жа пазыцыі прытрымліваецца і Вашынгтон. Раней у ЗША заявілі, што пастаўка самалётаў «пакуль выключаная».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Байдэн: ЗША перададуць Украіне 31 танк AbramsАкрамя таго, на думку экспэртаў, Украіне не зусім пасуюць самыя масавыя зьнішчальнікі NATO — F-16 і F-15 з прычыны высокіх патрабаваньняў да абслугоўваньня і асабліва аэрадромаў, рэканструкцыю якіх ва Ўкраіне будзе лёгка адсачыць расейскай выведцы і нанесьці па іх удар. Лепш пасуюць швэдзкія «Грынпэны». Аднак міністар абароны Швэцыі Пол Ёнсан заявіў Politico, што ў Швэцыі «няма неадкладных плянаў па адпраўцы „Грынпэнаў“ ва Ўкраіну».
Паводле словаў суразмоўцаў выданьня, на наступным пасяджэньні кантактнай групы ў справе вайсковай дапамогі Ўкраіне на базе Рамштайн у Нямечыне ня будзе прынятае прынцыповае рашэньне па пастаўках баявой авіяцыі Кіеву. Некаторыя афіцыйныя асобы лічаць, што сустрэча будзе прысьвечаная распрацоўцы пляну дзеяньняў у надзвычайных сытуацыях, калі Ўкраіне могуць тэрмінова спатрэбіцца зьнішчальнікі.
- Пасьля расейскага ўварваньня ў лютым Украіна страціла амаль усю сваю баявую авіяцыю. Незалежны праект Oryx зафіксаваў зьнішчэньне 55 украінскіх самалётаў і 25 верталётаў. Аднак у іх справаздачы трапляе толькі тэхніка, зьнішчэньне або захоп якой зафіксаваныя на фатаграфіях ці відэа.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.