Прадстаўнік галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі
Лукашэнка ўсімі спосабами «імкнецца ня быць уцягнутым непасрэдна ў вайну», — лічыць прадстаўнік галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі.
«Сёньня на тэрыторыі Беларусі сухапутны кампанэнт складае 5,8 тыс. вайскоўцаў (раней гаварылася аб 9-10 тыс.)», — заявіў Вадзім Скібіцкі ў эфіры нацыянальнага тэлемаратону, гаворачы пра колькасьць расейскіх сіл у Беларусі.
Акрамя таго, паводле яго слоў, у Беларусі знаходзіцца дывізіён «Іскандэраў», зенітна-ракетныя сыстэмы С-300, С-400 і тры самалёты МіГ-31 зь гіпэргукавымі ракетамі «Кінжалы».
Гаворачы аб магчымасьці агнявога паражэньня палігонаў, на якіх у Беларусі трэніруюцца вайскоўцы РФ, прадстаўнік галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны выказаў меркаваньне, што менавіта з гэтай прычыны Аляксандар Лукашэнка загаварыў аб «пакце аб ненападзе».
«Ён усімі спосабамі імкнецца не быць уцягнутым непасрэдна ў вайну. Гатовы аддаць усё, што мае», — заявіў Скібіцкі.
У лютым 2022 году Лукашэнка дазволіў расейцам выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для нападу на поўнач Украіны, пасьля чаго здарылася разьня ў Бучы, а таксама расейцы вялі зь беларускіх гарадоў абстрэлы цывільных аб’ектаў у гарадах Украіны, ад чаго гінулі людзі. За саўдзел у вайне на Рэспубліку Беларусь наклалі шэраг санкцый.
Цяпер у Беларусі знаходзяцца каля 10 тысяч расейскіх вайскоўцаў з тэхнікай, якія праводзяць вучэньні. З 16 студзеня пачаліся двухтыднёвыя вучэньні паветраных сіл Беларусі і Расеі на ўсіх беларускіх аэрадромах і палігонах СПА.
У той жа час у вайне на баку Ўкраіны змагаецца беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага, таксама беларусы ўваходзяць у склад украінскіх вайсковых фармацый, некаторыя зь якіх ужо аддалі свае жыцьці на вайне.