«Стала ключавым кампанэнтам кампаніі». Выведка Брытаніі назвала колькасьць байцоў ПВК «Вагнэр» ва Ўкраіне

Плякат ФБР ЗША пра вышук так званага «кухара Пуціна», уладальніка ЧВК «Вагнэр» Яўгена Прыгожына

Так званая Прыватная вайсковая кампанія «Вагнэра» «амаль напэўна» цяпер камандуе каля 50 тысячамі байцоў ва Ўкраіне і стала ключавым кампанэнтам расейскай кампаніі, заявіла 20 студзеня брытанская выведка.

«27 сьнежня 2022 году ў Адзіным дзяржаўным рэестры Расеі было адзначана, што ваенізаваная групоўка ПВК „Вагнэр“ афіцыйна зарэгістравалася як юрыдычная асоба. Група заявіла аб сваёй асноўнай дзейнасьці як „кансультаваньні ў пытаньнях кіраваньня“; аб паслугах у баявых дзеяньнях ня згадвалася. Пакуль незразумела, у якой ступені арганізацыя „Цэнтар ПВК Вагнэра“ будзе выкарыстоўвацца для кіраваньня ваенізаванай групоўкай. Прыватныя вайсковыя кампаніі (ПДВ) застаюцца незаконнымі ў Расеі, нягледзячы на працяглую дыскусію аб рэфармаваньні заканадаўства», — гаворыцца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Журналісты ідэнтыфікавалі вагнэраўца, які камандаваў штурмам Салядару. Ім аказаўся судзімы за махлярства экс-афіцэр спэцназу ГРУ

У выведцы дадалі, што ўладальнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын, імаверна, часткова фінансаваў арганізацыю празь дзяржаўныя кантракты, заключаныя іншымі ягонымі кампаніямі.

«Рэгістрацыя працягвае надзвычай хуткае разьвіцьцё традыцыйна непразрыстага публічнага профілю групы. Прыгожын толькі ў верасьні 2022 г. прызнаўся ў падставе „Вагнэра“; у кастрычніку 2022 года група адкрыла штаб-кватэру ў Санкт-Пецярбургу», — гаворыцца ў паведамленьні, распаўсюджаным Міністэрствам абароны Вялікай Брытаніі.

Рэгістрацыя, пэўна, мае на мэце максымізаваць камэрцыйную выгаду Прыгожына і яшчэ больш легітымізаваць арганізацыю, дадалі ў выведцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Белсат»: Пад Бахмутам загінуў вагнэравец зь Беларусі

ПВК «Вагнэр» — расейскае неафіцыйнае вайсковае падразьдзяленьне, якое ўдзельнічае ў наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы, Лацінскай Амэрыцы і ў вайне з Украінай. Арганізацыя падазраецца ў шматлікіх ваенных злачынствах як ва Ўкраіне, так і ў іншых краінах, дзе яна дзейнічае.

У гэтым месяцы былы камандзір аднаго з падразьдзяленьняў ПВК «Вагнэр» Андрэй Мядзьведзеў уцёк з Расеі ў Нарвэгію, дзе папрасіў палітычнага прытулку і выказаў гатоўнасьць даваць паказаньні супраць Прыгожына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Экс-камандзір ПВК «Вагнэр» папрасіў палітычнага прытулку ў Нарвэгіі і хоча даць паказаньні супраць Прыгожына