Washington Post: дырэктар ЦРУ таемна наведаў у студзені Кіеў, каб абмеркаваць ваенныя пляны Расеі
Кіраўнік Цэнтральнага выведнага ўпраўленьня ЗША Ўільям Бэрнс
Кіеў цяпер менш упэўнены ў тым, што Кангрэс прыме чарговы шматмільярдны пакет дадатковай дапамогі, як гэта было мінулай вясной.
Дырэктар Цэнтральнага выведнага ўпраўленьня ЗША (ЦРУ) Уільям Бэрнс у канцы мінулага тыдня таемна наведаў Кіеў і сустрэўся з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
Як паведаміла амэрыканскае выданьне Washington Post са спасылкай на свае крыніцы, Уільям Бэрнс прыбыў ва Ўкраіну, каб паінфармаваць Зяленскага аб імаверных ваенных плянах Расеі ў наступныя тыдні і месяцы.
Галоўным пытаньнем для Ўладзіміра Зяленскага і прадстаўнікоў украінскай выведкі падчас сустрэчы было тое, як доўга Ўкраіна можа разьлічваць на дапамогу ЗША пасьля атрыманьня Рэспубліканскай партыяй большасьці ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу.
Кіраўнік ЦРУ Бэрнс прызнаў, што ў нейкі момант дапамогу будзе атрымаць цяжэй.
Пасьля сустрэчы «ў Зяленскага і яго памочнікаў склалася ўражаньне, што падтрымка Кіева з боку адміністрацыі Байдэна застаецца моцнай, а экстранае фінансаваньне Ўкраіны ў памеры 45 мільярдаў даляраў, зацьверджанае Кангрэсам у сьнежні, працягнецца як мінімум да ліпеня або жніўня», — піша газэта са спасылкай на крыніцы.
Паводле крыніц Washington Post, Кіеў цяпер менш упэўнены ў тым, што Кангрэс прыме чарговы шматмільярдны пакет дадатковай дапамогі, як гэта было мінулай вясной.
Гэта другі візыт дырэктара Цэнтральнага выведнага ўпраўленьня ЗША (ЦРУ) Уільяма Бэрнса ва ўкраінскую сталіцу пасьля расейскага ваеннага ўварваньня. Першы адбыўся летась у пачатку кастрычніка.