Зяленскі ня бачыць, з кім у Расеі можна весьці перамовы аб спыненьні вайны: «Я не да канца разумею, ці жывы Пуцін»

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выступае на эканамічным форуме ў Давосе (Швайцарыя). 18 студзеня 2023

«Я не зусім разумею, як можна паабяцаць эўрапейскім лідэрам адно, а на наступны дзень пачаць поўнамаштабнае ўварваньне ў дзяржаву», — сказаў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ня мае даверу да Расеі і пакуль ня бачыць магчымасьцяў для правядзеньня мірных перамоў.

«Я не да канца разумею, ці жывы ён (прэзыдэнт Расеі. — Рэд.). Ці ён прымае рашэньне, ці нехта, нейкае кола людзей. Мне здаецца, што Расея павінна спачатку кагосьці знайсьці, а потым нешта прапаноўваць», — сказаў прэзыдэнт Зяленскі 19 студзеня ў сваім выступе на «Ўкраінскім сьняданку» на эканамічным форуме ў Давосе (Швайцарыя).

«Я не зусім разумею, як можна паабяцаць эўрапейскім лідэрам адно, а на наступны дзень пачаць поўнамаштабнае ўварваньне ў дзяржаву. Я проста не зусім разумею, з кім мы маем справу.

Калі мы гаворым „мірныя перамовы“, я не зусім разумею, з кім. Мы цяпер з вамі размаўляем, і вы дакладна ведаеце, хто я, а я дакладна ведаю, хто вы. Ёсьць сьведкі нашага жыцьця. І нават калі мы гаворым пра розныя рэчы, мы можам дасягнуць кампрамісу», — сказаў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны дадаў, што Расея мусіць спачатку знайсьці «кагосьці», а потым прапанаваць «штосьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея плянуе перакінуць на ўкраінскую тэрыторыю новыя танкі «Армата», а Захад фармуе для Ўкраіны сваю «танкавую кааліцыю»

Апроч таго, Уладзімір Зяленскі раскрытыкаваў канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца, якія зьвязаў перадачу Ўкраіне танкаў Leopard з пастаўкамі ЗША танкаў Abrams.

«Гэта няправільная стратэгія — я дам танкі, калі нехта дасьць танкі, я магутная эўрапейская краіна, але дапамагу, калі іншая магутная краіна дапаможа», — сказаў Зяленскі.

Паводле яго, ня можа быць выбіральнасьці для ўзмацненьня ўкраінскай арміі, таму што «Ўкраіна абараняе эўрапейскія каштоўнасьці без выбіральнасьці».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.