У першыя месяцы вайны Ўкраіне істотна дапамагла з палівам і ўзбраеньнямі Баўгарыя, яна рабіла тайныя пастаўкі. Пра гэта гаворыцца ў расьсьледаваньні нямецкай газэты Welt, апублікаваным 18 студзеня. Па дадзеных журналістаў, пастаўкі з Баўгарыі ўвесну 2022 году маглі складаць да 30% усіх боепрыпасаў і да 40% дызэльнага паліва, якія паступілі тады ўкраінскай арміі.
Журналісты базуюцца на інтэрвію, узятых у міністра замежных спраў Украіны Дзьмітра Кулебы, былога прэм’ер-міністра Баўгарыі Кірыла Петкава і Асена Васілева, які займаў ва ўрадзе Петкава пасаду міністра фінансаў. Публічна Петкаў адхіляў магчымасьць непасрэднай вайсковай дапамогі Ўкраіне, аднак пастаўкі праводзіліся праз кампаніі-пасярэднікі ў Румыніі, Вугоршчыне і Польшчы. Аплачвалі апэрацыю, па сьцьвярджэньні газэты, ЗША і Вялікая Брытанія.
Баўгарскае войска валодае значнымі рэзэрвамі боепрыпасаў савецкай вытворчасьці, якія знайшлі сабе ўжываньне ва ўзброеных сілах Украіны, чыя баявая тэхніка ў пачатку вайны таксама адпавядала пераважна савецкім стандартам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Суд у Баўгарыі адмовіўся выдаць уладам Беларусі ўкраінскага добраахвотніка, экстрадыцыі якога яны дамагаліся праз ІнтэрполТакім жа чынам Баўгарыя пастаўляла Ўкраіне дызэльнае паліва. Яно выраблялася на нафтаперапрацоўчым заводзе ў Бургасе, які тады належаў расейскай кампаніі «Лукойл», з расейскай сырой нафты. Па словах Васілева, у першую фазу вайны Баўгарыя стала галоўным экспартэрам дызэлю ва Ўкраіну.
Дзьмітро Кулеба пацьвердзіў: у першыя месяцы вайны існавала небясьпека, што боепрыпасы ва ўкраінскага войска могуць скончыцца да канца красавіка, і ён па даручэньні прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага езьдзіў на перамовы ў Баўгарыю, каб дамовіцца аб пастаўках.
У чэрвені кіраўнік баўгарскай дзяржаўнай абаронна-экспартнай кампаніі Kintex Аляксандар Міхайлаў заявіў, што Баўгарыя паставіла Ўкраіне боепрыпасы на суму каля 2 млрд эўра. Афіцыйна пастаўкі ажыцьцяўляліся краінам-пасярэднікам. Дызэльнае паліва дастаўлялася па моры і зямлі ў Румынію, адкуль перапраўлялася ва Ўкраіну.
У сьнежні баўгарскі ўрад афіцыйна ўхваліў прамыя пастаўкі ўзбраеньняў Украіне. У лістападзе Сафія запытала ў Эўракамісіі дазвол на экспарт нафтапрадуктаў у шэраг краін, у тым ліку Ўкраіну. Нафтаперапрацоўчы завод у Бургасе з пачатку гэтага году цалкам перайшоў пад кіраваньне Баўгарыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Палітоляг Іван Крыстэў: «Для вялікай часткі Ўсходняй Эўропы гэта ўжо іх вайна»Баўгарыя стала першай краінай Эўразьвязу, якой прыйшлося адмовіцца ад расейскага газу. 27 красавіка 2022 году «Газпром» аб’явіў аб спыненьні экспарту газу ў гэтую краіну, паколькі яна адмовілася пераходзіць на аплату ў расейскіх рублях. Баўгарскі ўрад перайшоў на закупкі звадкаванага газу ў ЗША. Пазьней быў пабудаваны газаправод у Баўгарыю з Грэцыі.
Улетку 2022 году Баўгарыя зазнала інтэнсіўныя кібэратакі, якія яе ўрад і экспэрты прыпісваюць расейскім хакерам. Мэтай кібэратак была лічбавая інфраструктура электрасеткі і паштовых службаў, што прыводзіла да цяжкасьцяў у выплаце пэнсій.
З сакавіка па чэрвень 2022 году Баўгарыя выслала з краіны 70 расейскіх дыпляматаў па абвінавачаньні ў шпіянажы і спробах подкупу баўгарскіх афіцыйных асоб.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Свабода ад расейскага газу»: запушчаны газаправод з Грэцыі ў БаўгарыюВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.