Салдата, які ўцёк з вайсковай часткі ў Расеі, забілі пры спробе затрымаць

Праводзіны мабілізаваных расейцаў на вайну з Украінай, восень 2022

Шараговец уцёк з боекамплектам, не захацеўшы ваяваць супраць Украіны. Мабілізаванага неўзабаве знайшлі ў Расеі і забілі.

Рэсурс «Вести Воронежа» ранкам 18 студзеня апублікаваў арыентыроўку на шарагоўца, які ўцёк са зброяй з «зоны спэцыяльнай вайсковай апэрацыі», як у Расеі называюць вайну супраць Украіны.

Мужчыну завуць Дзьмітрый Пяроў, яму быў 31 год.

Агенцтва ТАСС паведаміла, што Пярова «зьліквідавалі», гэта значыць забілі, пры спробе затрымаць у Ліпецкай вобласьці. Яго шукалі ў Варонескай і Ліпецкай абласьцях, дзе ён мог хавацца. Выказвалася думка, што ён можа прыбыць да сябе дадому. Так і сталася — салдат апынуўся ў сваім сяле Новавуглянка, дзе яго ўжо чакалі і забілі. На месца выклікалі сапэраў, асьцерагаючыся, што забіты Пяроў можа мець на сабе выбухоўку.

Перад гэтым мабілізаванага ў войска мужчыну заўважылі па камэрах назіраньня ў Варонежы.

Напярэдадні Новага году міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў зьвярнуўся да вайсковаабавязаных расейцаў. Ён заявіў, што ведае, што нібыта ў пачатку студзеня расейскія ўлады закрыюць межы, увядуць ваеннае становішча і пачнуць другую хвалю мабілізацыі. За першыя два тыдні году мабілізацыю не абвясьцілі, але размовы пра яе ідуць штодня.

17 студзеня прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў адзначыў, што прэзыдэнт Расеі ня будзе абвяшчаць мабілізацыю 18 студзеня.

Тым часам Пуцін раней прыняў рашэньне павялічыць колькасьць УС РФ да 1,5 млн чалавек у наступныя гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мы пайшлі ваяваць, с.. а, за цябе!» У Новасібірску двое п’яных мабілізаваных зладзілі дэбош у салёне оптыкі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Moscow Times: Крэмль забараніў праўладным СМІ пісаць пра мабілізацыю ў Расеі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.