У Расеі «зьнік» адзін мільён беларусаў. Куды?

Тыдзень беларускай кухні ў Маскве, 2016

Рэальная колькасьць этнічных беларусаў у Расеі ніяк ня менш за паўтара-два мільёны.

У канцы сьнежня ў Расеі падвялі вынікі перапісу насельніцтва, які адбываўся ў 2021 годзе. Яны красамоўна паказваюць стаўленьне расейскае дзяржавы да беларусаў як да этнасу. Афіцыйная колькасьць беларусаў у Расеі імкліва зьніжаецца.

Паводле вынікаў перапісу, беларусаў у РФ у 2021 годзе пражывала не 1,2 мільёна, як у 1989 годзе, а ўсяго 208 тысяч чалавек. Прыкладна столькі ж, як амаль зьніклых за ХХ стагодзьдзе расейскіх немцаў ці як малалікіх карачаеўцаў. І менш, чым крымскіх татараў. Паводле перапісу 2010 г., афіцыйная колькасьць беларусаў складала 521 тысячу чалавек, што ўжо тады здавалася абсурдна малой лічбай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі беларусаў у гарадах, якія атакуе Расея пры дапамозе кіраўніцтва Беларусі

Карціна нараджае думкі пра генацыд ці этнацыд: куды мог падзецца цэлы мільён чалавек за трыццаць гадоў? Куды за дзесяць гадоў падзеліся трыста тысяч?

Гэта пры тым, што ўсе мінулыя гады не спыняўся пастаянны міграцыйны прыток беларусаў зь Беларусі (называліся ацэнкі да 500 тысяч беларускіх працоўных мігрантаў, якія працавалі ў РФ да пандэміі). А быць намінальным беларусам у Расеі ў дастатковай ступені прэстыжна нават у найбольш кансэрватыўна-савецкіх колах з сымпатыямі да рэжыму Лукашэнкі (бо Расея не Падляшша).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусы замежжа могуць уплываць на перамены ў Беларусі

Ня кажучы ўжо пра тое, што ўвесь Сібір і расейскі Далёкі Ўсход населеныя людзьмі зь беларускімі і ўкраінскімі прозьвішчамі, а Смаленшчына, Браншчына і паўднёвая Пскоўшчына на перапісах насельніцтва ў Расейскай імпэрыі недвухсэнсоўна пазначаліся як населеныя пераважна беларусамі.

Рэальная колькасьць этнічных беларусаў у Расеі яўна ніяк ня менш за паўтара-два мільёны, а з нашчадкамі беларускіх перасяленцаў мінулых стагодзьдзяў і карэннымі смаленчукамі гэтая лічба можа складаць і тры, і чатыры мільёны.

Але ж падобныя махінацыі адбыліся і з украінцамі: у 1989 годзе іх, згодна з афіцыйнымі дадзенымі, у РСФСР было 4 мільёны, у 2010-м — нібыта амаль два мільёны, а да 2021 году колькасьць этнічных украінцаў раптам рэзка зьнізілася — да 884 тысяч. І гэта пасьля масавай раздачы расейскіх пашпартоў жыхарам анэксаванага Крыму і акупаваных на той момант частак Данецкай і Луганскай абласьцей.

У свой час высокапастаўлены расейскі беларус мне ў прыватнай гутарцы проста як відавочную і агульнавядомую рэч сказаў, што колькасьць беларусаў у афіцыйных расейскіх перапісах штучна заніжаецца. Асабіста я ня маю ў гэтым аніякага сумневу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не было ніякай „мяккай беларусізацыі“». Мовазнаўца Вячорка пра вынішчэньне беларускай мовы і напад на лацінку

Расейская афіцыйная статыстыка ня вартая даверу ў такой жа ступені, як і лічбы, што публікуе расейскі Цэнтравыбаркам у якасьці «вынікаў» сфальсыфікаваных расейскіх выбараў ці інфармацыя з вуснаў расейскіх афіцыйных асобаў. Рэальных лічбаў, хутчэй за ўсё, ня мае і самое расейскае кіраўніцтва, якому чыноўнікі зьнізу рапартуюць толькі тое, што начальства хацела б пачуць.

Але апублікаваная інфармацыя, асабліва ў такой палітызаванай тэме, як этнічны склад, — гэта тое, што расейская дзяржава хацела апублікаваць, хацела прадставіць сьвету. Жаданьні, пададзеныя як рэчаіснасьць.

І жаданьні расейскай дзяржавы, як можна пабачыць, палягаюць у тым, каб беларусаў у Расеі не існавала. Для пачатку хаця б на паперы, бо фэйкавая заніжаная лічба ў 208 тысяч будзе цяпер некрытычна тыражавацца па ўсіх даведніках, у тым ліку ў замежжы. На яе аснове будзе грунтавацца фэйкавая аналітыка, будуць рабіцца фэйкавыя высновы і грунтавацца палітыка, галоўнай сутнасьцю якой будзе далейшае ігнараваньне беларусаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маштаб пакутаў быў большы ва Ўкраіне і ў Беларусі». Гісторык Тымаці Снайдэр пра тое, як Расея зрабіла прывабнай сваю імпэрскую рыторыку

У Расеі і так не існуе беларускай адукацыі, беларускіх тэрытарыяльных аўтаноміяў (у раньнія савецкія часы такія былі), а татальная большасьць арганізацый беларускае дыяспары — гэта зямляцтвы пажылых выхадцаў з БССР, якія займаюцца выданьнем кнігаў пра Машэрава і адзначэньнем 9 траўня. І далей пакуль што будзе толькі горш.

Расейскі шавінізм — галоўны вораг Беларусі і беларусаў. Тое, што ў Расеі невядома куды «зьнік» мільён беларусаў — непасрэднае наступства таго, што шавінізм зрабіўся часткай расейскай дзяржаўнай палітыкі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.