Генэральны сакратар NATO Столтэнбэрг чакае перадачы Ўкраіне большай колькасьці цяжкага ўзбраеньня

Енс Столтэнберг

Украіна можа чакаць перадачы большай колькасьці ўзбраеньня, лічыць генэральны сакратар NATO Енс Столтэнберг. Аб гэтым ён заявіў у камэнтары нямецкаму выданьню Handelsblatt. Публікацыю цытуе AFP.

Столтэнбэрг чарговы раз акцэнтаваў важнасьць перадачы Ўкраіне зброі, неабходнай для перамогі ў вайне.

«Нядаўнія абяцаньні адносна цяжкай вайсковай тэхнікі важныя, і я чакаю, што ў найбліжэйшы час іх будзе больш», — сказаў генэральны сакратар NATO.

Яго заява прагучала напярэдадні сустрэчы Кантактнай групы ў абароннай падтрымцы Украіны, якая адбудзецца 20 студзеня на амэрыканскай вайсковай базе Рамштайн у Нямеччыне.

15 студзеня Вялікая Брытанія афіцыйна заявіла, што паставіць Украіне танкі «Чэленджэр-2» і самазарадныя гаўбіцы AS90

На мінулым тыдні прэзыдэнты Польшчы і Літвы анансавалі новыя пакеты вайсковай дапамогі Ўкраіне.

Таксама 11 студзеня афіцыйныя асобы ЭЗ і NATO дамовіліся «ўзмацніць» сваё супрацоўніцтва ў галіне бясьпекі і падтрымкі Ўкраіны.