У сьпіс асоб, супраць якіх прэзыдэнт Украіны ўвёў санкцыі, трапілі беларускія прапагандысты, у тым ліку Азаронак і Тур

Супрацоўнікі дзяржаўных беларускіх СМІ наведалі акупаваны Марыюпаль. На фота відаць Рыгора Азаронка з тэлеканалу «СТВ», Ксенію Лебедзеву з тэлеканалу «Беларусь-1» і Людмілу Гладкую з выданьня «Беларусь Сегодня. СБ».

Украіна ўвяла санкцыі супраць беларускіх дзяржаўных прапагандыстаў, якія падтрымалі расейскую агрэсію.

Санкцыі былі ўхваленыя Радай нацыянальнай бясьпекі і абароны некалькі дзён таму і сёньня былі ўведзеныя ў дзеяньне адмысловым указам прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

Агулам у сьпіс трапілі 198 асоб, пераважна грамадзян Расеі зь ліку дзеячаў культуры і мэдыясфэфры.

У сьпіс, паводле BPN, былі таксама ўключана чатыры грамадзяніны Беларусі: пагандысты Рыгор Азаронак і Ігар Тур, а таксама генэральны дырэктар праўладнага тэлеканалу СТВ Аляксандар Асенка і праўладны палітоляг Аляксандр Шпакоўскі.

На кожнага накладзена 14 відаў санкцый, у тым ліку блякіроўка актываў, абмежаваньне гандлёвых апэрацый, пералётаў і пераездаў праз тэрыторыю Украіны, забарона на ўдзел у прыватызацыі і іншыя. Санкцыі ўведзены на 10 гадоў.

Міністэрству замежных спраў Украіны даручана азнаёміць з гэтым санкцыйным пакетам партнэраў Украіны ў Эўразьвязе, ЗША і іншых краінах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі ўвёў санкцыі супраць яшчэ 198 расейскіх дзеячаў культуры і СМІ