Беларускія артылерысты праводзяць зладжваньне з расейскімі войскамі
Самаходная артылерыйская ўстаноўка
Артылерыю 11-й мэханізаванай брыгады са Слоніма прыводзяць у гатоўнасьць у рамках зладжваньня сумеснай з Расеі групоўкі войскаў.
Як паведаміла Мінабароны Беларусі, артылерыйскія падразьдзяленьні 11-й асобнай мэханізаванай брыгады (дыслякуецца ў Слоніме, Горадзенская вобласьць) 13 студзеня «прыводзяцца ў гатоўнасьць да выкананьня задач па прызначэньні».
Заяўлена, што гэта адбываецца ў рамках «сумесных мерапрыемстваў баявога зладжваньня рэгіянальнай групоўкі войскаў» Беларусі і Расеі.
Напярэдадні ў Беларусь прыбыла камісія Мінабароны Расеі на чале з галоўнакамандуючым Сухапутнымі войскамі Алегам Салюковым.
«Праінспэктаваны воінскія часьці і падразьдзяленьні расійскага кампанэнта рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл), якія знаходзяцца на палігонах Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, — паведаміла беларускае ваеннае ведамства. — Падчас працы праверана якасьць заняткаў па баявым зладжваньні і дадзеная ацэнка іх гатоўнасьці выканаць задачы па прызначэньні ў інтарэсах забесьпячэньня ваеннай бясьпекі Саюзнай дзяржавы».
10 студзеня Мінабароны Беларусі аб’явіла аб нарошчваньні сіл супрацьпаветранай абароны рэгіянальнай групоўкі войскаў.
8 студзеня прэс-служба ваеннага ведамства Беларусі паведаміла аб прыбыцьці ў краіну «авіяцыйным складніка зь ліку Ваенна-касмічных сіл Узброеных Сіл РФ». Чакаецца, што з 16 студзеня па 1 лютага пройдуць лётна-тактычныя вучэньні ВПС Беларусі і ВКС РФ на ўсіх аэрадромах і палігонах Беларусі.
Рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і РФ фармуецца з кастрычніка мінулага года. Усё гэта адбываецца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хаця беларускае войска ў баях не ўдзельнічае.
Летась 24 лютага пасьля сумесных беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў з тэрыторыі Беларусі на Ўкраіну пайшлі калёны расейскага войска, паляцелі самалёты і ракеты.