ЗША ня бачаць прыкметаў падрыхтоўкі новага ўварваньня ва Ўкраіну зь Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

У Пэнтагоне працягваюць уважліва сачыць за тым, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі.

Як заявіў 12 студзеня на прэс-брыфінгу афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны ЗША Патрык Райдэр, Пэнтагон не фіксуе прыкметаў падрыхтоўкі да новага нападу на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі

«Мы працягваем уважліва сачыць за гэтай вобласьцю. Мы ведаем, што расейскія войскі правялі вучэньні зь беларускімі, але на гэты момант няма ніякіх прыкмет якой-небудзь [падрыхтоўкі] немінучых наступальных дзеяньняў», — сказаў прадстаўнік амэрыканскага вайсковага ведамства.

Патрык Райдэр падкрэсьліў, што ў ЗША «працягнуць уважліва сачыць за любымі перамяшчэньнямі войскаў або тэхнікі».

«На гэтым этапе я ня бачу нічога, што выклікала б неспакой», — адзначыў Райдэр.

Летась 24 лютага пасьля сумесных беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў з тэрыторыі Беларусі на Ўкраіну пайшлі калёны расейскага войска, паляцелі самалёты і ракеты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне назвалі супольныя вучэньні Беларусі і Расеі ў 2023 годзе патэнцыйнай пагрозай для новага ўварваньня

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Арастовіч: Павелічэньне кантынгенту РФ у Беларусі «не выглядае як паўнавартасная падрыхтоўка» да наступу адтуль