Папа Рымскі назваў вайну Расеі ва Ўкраіне «злачынствам супраць Бога»

Папа Рымскі Францішак з украінскім сьцягам, прывезеным з фронту. Архіўнае фота

Кіраўнік Каталіцкай царквы таксама заклікаў да поўнай забароны ядзернай зброі.

Папа Францішак заявіў, што войны, падобныя да вайны ва Ўкраіне, дзе цывільныя раёны цярпяць тое, што ён назваў «невыбіральнымі разбурэньнямі», зьяўляюцца «злачынствам супраць Бога і чалавецтва», паведамляе «Голас Амэрыкі»​.

Пантыфік гаварыў пра «вайну ва Ўкраіне, якая суправаджаецца сьмерцю і разбурэньнямі, з атакамі на цывільную інфраструктуру, якія прыводзяць да гібелі людзей ня толькі ад абстрэлаў і актаў гвалту, але ад голаду і холаду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Папа Францішак заклікаў улады Беларусі адмовіцца ад гвалту, шанаваў ікону Маці Божай Жыровіцкай

Пасьля гэтага ён працытаваў Катэхізіс Каталіцкай царквы, у якім гаворыцца, што «ўсякае ваеннае дзеяньне, накіраванае без адрозненьня на зьнішчэньне цэлых гарадоў або шырокіх абласьцей зь іх насельніцтвам, зьяўляецца злачынствам супраць Бога і самога чалавека, што належыць цьвёрда і без ваганьняў асудзіць».

Папа зноў заклікаў да поўнай забароны ядзернай зброі, заявіўшы, што нават валоданьне ей у мэтах стрымліваньня «амаральнае».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У калядным пастарскім слове арцыбіскуп Кандрусевіч прасіў аб справядлівым вырашэньні крызісаў у Беларусі і міры ва Ўкраіне